Старшыню Еўрапейскай рады Дональда Туска дапыталі пракуроры
Польская кіроўная партыя лічыць допыт прыкладам роўнасці ўсіх перад законам, апазіцыя — палітычнай помстай.
Былы прэмʼер-міністр Польшчы, актуальны старшыня Еўрапейскай рады Дональд Туск сёння з’явіўся ў варшаўскую пракуратуру для таго, каб даць паказанні па справе аб невыкананні польскімі дзяржслужачымі сваіх абавязкаў у пытанні правядзення ўскрыцця цел ахвяр смаленскай авіякатастрофы.
Нагадаем, 10 красавіка 2010 года ў выніку крушэння польскага ўрадавага самалёту пад Смаленскам загінулі 96 чалавек, у тым ліку тагачасны прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі з жонкай.
Адносна следства пракуратура паведаміла, што «яно тычыцца, у прыватнасці, экс-пракурораў Варшаўскай акруговай вайсковай пракуратуры». На думку следчых, падчас ідэнтыфікацыі цел было дапушчана шмат памылак. Нагадаем, у выніку праведзеных эксгумацый было выяўлена, што ў васьмі выпадках целы ахвяр пераблытаныя, а ў 13-і трунах былі парэшткі іншых загінулых.
Будучы прэм’ерам, Дональд адказваў за дзейнасць спецслужб, таму пракуратура яго дапытвае ў якасці сведкі. Аднак апазіцыйная партыя «Грамадзянская платформа», членам якой быў Туск, упэўненая, што гэта палітычная помста з боку актуальна кіруючай кансерватыўнай партыі «Права й справядлівасць» (ПіС).
У сваю чаргу прэс-сакратар ПіС Бэата Мазурэк запэўнівае, што ніякай помсты няма. Паводле яе слоў, перад правасудзьдзем усе павінны быць роўныя, а Туск павінен развеяць усе сумневы, адказаць на ўсе пытанні праваахоўных органаў і не хавацца за імунітэтам.
Першапачаткова допыт Дональда Туска быў запланаваны на 5 ліпеня, аднак ён ня змог прыбыць у пракуратуру ў сувязі з выкананнем абавязкаў галавы Еўрапейскай рады.