Стартавала кампанія незалежнага назірання за выбарамі



У офісе Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” ў Менску адбылася стартавая прэс-канферэнцыя кампаніі “Права выбару”. У ёй ўзялі ўдзел лідары шасці партый-заснавальніц кампаніі – Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Руху “За свабоду”, Беларускай хрысціянскай дэмакраты і прафсаюзу радыёэлектроннай  прамысловасці.

IMG_1275

Сустаршыня стваранай Партыі БХД Віталь Рымашэўскі даў ацэнку пачатковым дзеянням улады:

– Цалкам магчыма, што некалькі асобаў будуць спрабаваць выдаць за прадстаўнікоў беларускай апазіцыі. Вось кампанія “Права выбара” заяўляе, калі не будзе свабодных і справядлівых выбараў і роўных умоў для ўсіх, то наяўнасці двух ці трох прызначаных апазіцыянераў у Палату прадстаўнікоў не будзе азначаць ніякіх зменаў да лепшага. Кампанія “Права выбару” абірае наступную стратэгію: мы сканцэнтруем наша назіранне на некалькіх акругах, іх будзе да 10-ці, дзе будуць моцныя кандыдаты, якія могуць перамагчы падчас гэтай кампаніі.

Стартавая колькасць назіральнікаў па краіне – тысяча чалавек. Апазіцыя пры гэтым плануе выставіць 195 кандыдатаў па 110-ці акругах. Удзельнікі кампаніі будуць увесь час шукаць паплечнікаў па краіне. У тым ліку з дапамогай сацыяльных сетак, адкуль у выніковыя справаздачы будзе брацца любая інфармацыя пра парушэнні. Запланавана і правядзенне пяці прамежкавых прэс-канферэнцый.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара