Стартуе збор подпісаў пад Маніфестам за незалежнасць Беларусі



Сабраць каля мільёна подпісаў пад Маніфестам за незалежнасць Беларусі. Гэта адзін з галоўных напрамкаў дзейнасці на гэты год, які вызначыла для сябе Рада Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Як адзначае каардынатарка Рады Алена Анісім, галоўная мэта Маніфесту – згуртаваць людзей, якія ўспрымаюць незалежнасць Беларусі як каштоўнасць:

– У сённяшняй геапалітычнай сітуацыі ёсць сур’ёзная пагроза страты нашай дзяржаўнасці. Другая мэта – падштурхнуць людзей да абмеркавання актуальных пытанняў развіцця краіны. Так сталася, што ў нас страчана практыка ўзаемадзеяння грамадзянскай супольнасці і органаў улады. А без такога супрацоўніцтва цяжка спадзявацца на ўстойлівае развіццё любой краіны. Таму яшчэ адна нашая мэта вынікае з гэтага – падштурхнуць людзей да разумення таго, што мы ўсе, кожны на сваім месцы, адказныя за тое, што адбываецца з нашай краінай.

Калі Маніфест збярэ мільён подпісаў, то на думку Рады, ён можа стаць пераможнай праграмай кандыдата ў прэзідэнты на чарговых выбарах. Таксама да канца студзеня мае запрацаваць сайт грамадзянскай ініцыятывы, на якім можна будзе падпісацца пад Маніфестам онлайн.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя