Статкевіч: БНК мае намер дамагацца вяртання санкцый ЕС і ЗША



 Беларускі нацыянальны кангрэс (БНК) мае намер дамагацца вяртання персанальных санкцый з боку Еўрасаюза і ЗША супраць беларускіх уладаў, заявіў БелаПАН сустаршыня кангрэса Мікалай Статкевіч, каментуючы прынятую радай БНК заяву з гэтай нагоды.

У заяве, прынятай пасля вынясення судовага рашэння аб абмежаванні волі ў дачыненні да лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, гаворыцца, што „рэжым пашырае рэпрэсіі і робіць іх формы ўсё больш разнастайнымі”.

„Па надуманых прычынах затрымліваюць журналістаў і праваабаронцаў, блакуюць доступ да найбуйнейшых сайтаў, праводзяць вобшукі ў рэдакцыях СМІ і ў офісах грамадскіх арганізацый, пераследуюць незалежных блогераў. Напярэдадні кожнай акцыі пратэсту невядомымі спецслужбамі праводзяцца выкраданні і „прэвентыўныя” арышты лідараў апазіцыі. Актывістаў затрымліваюць толькі за тое, што яны прыходзяць на адкрыты судовы працэс, каб выказаць падтрымку сваім сябрам і калегам”, — адзначаюць аўтары.

„Упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі крымінальныя рэпрэсіі распаўсюдзіліся і на незалежныя прафсаюзы. Лідары прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік па сфабрыкаванай справе былі асуджаныя на чатыры гады „хіміі”. Рада Беларускага нацыянальнага кангрэса выказвае сваю салідарнасць з нашымі незаконна асуджанымі таварышамі. Мы працягнем весці кампанію за адмену прыгавору суда ў дачыненні да лідараў прафсаюза РЭП, часткай якой будуць і вулічныя акцыі”, — сказана ў заяве.

БНК патрабуе спынення рэпрэсій у дачыненні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, журналістаў і блогераў, незалежных СМІ. „Мы лічым, што адной з прычын эскалацыі рэпрэсій стала адмена персанальных санкцый у дачыненні да Лукашэнкі і яго набліжаных, суддзяў і супрацоўнікаў спецслужбаў, якія нясуць асабістую адказнасць за рэпрэсіі ў дачыненні да актывістаў апазіцыі, — гаворыцца ў тэксце. — Мы заклікаем дэмакратычныя краіны вярнуць персанальныя санкцыі супраць Лукашэнкі і асоб, вінаватых у парушэнні правоў чалавека ў Беларусі: супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, спецслужбаў, суддзяў, якія ажыццяўлялі і працягваюць ажыццяўляць рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны”.

Паводле слоў Статкевіча, пазіцыю аб неабходнасці вяртання санкцыяў ён раней даносіў да еўрадэпутатаў і кангрэсменаў ЗША. „І мы будзем далей выказваць сваю пазіцыю па гэтым пытанні. Мы выступаем за вяртанне персанальных санкцый. Лічым, што іх зняцце Еўрасаюзам і прыпыненне з боку ЗША былі заўчаснымі”, — адзначыў палітык.

Ён лічыць, што адсутнасць санкцый „наносіць шкоду тым, хто змагаецца за дэмакратычную Беларусь”.

Беларускі нацыянальны кангрэс (арганізацыя не мае афіцыйнай рэгістрацыі) быў створаны ў маі 2016 года апазіцыйнымі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі. Сустаршынямі рады БНК з’яўляюцца Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў. БелаПАН