Статкевіч ідзе ў кандыдаты ў дэпутаты і хоча правесці акцыю ў Драздах
Экс-кандыдат у прэзідэнты, былы палітвязень Мікалай Статкевіч падаў дакументы ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна Менска на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні сябе кандыдатам у дэпутаты. Калі яго зарэгіструюць, то Статкевіч стане кандыдатам на 105-й Старавіленскай акрузе, у якую ўваходзіць увесь цэнтр Менска і пасёлак Дразды.
Гэта тэст для ўлады на дэмакратычнасць і магчымасць даць людзям выказаць свой пратэст супраць эканамічнай і сацыяльнай палітыкі і парушэнняў правоў чалавека, — заявіў TUT.BY Статкевіч.
Палітык адзначыў, што ў выпадку рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, зможа легальна збіраць подпісы і праводзіць акцыі пратэсту ў цэнтры Менска. У яго ў планах — вялікая акцыя на плошчы Свабоды і ў Драздах.
З нагоды апошняга Статкевіч заявіў, што хоча знайсці там Аляксандра Лукашэнку, каб узяць і яго подпіс.
У ініцыятыўнай групе Статкевіча — палітыкі Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык і Зьміцер Дашкевіч. Як члены ініцыятыўнай групы яны таксама змогуць збіраць акцыі і быць іх арганізатарамі, адзначыў Статкевіч.
Палітык мяркуе, што яго ініцыятыўную групу не зарэгіструюць, бо ў яго ёсць судзімасць.
Рашэнне акруговай камісіі стане вядома праз пяць дзён. Статкевіч нагадаў, аднак, што ў 2008 годзе яго ініцыятыўную групу зарэгістравалі, нягледзячы на судзімасць палітыка. Яму далі збіраць подпісы, аднак потым іх палічылі несапраўднымі і не зарэгістравалі кандыдатам.
Калі Статкевічу не ўдасца атрымаць рэгістрацыю і гэтым разам, то БСДП (Народная Грамада) праявіць салідарнасць і здыме усіх сваіх кандыдатаў.
Рашэнне аб вылучэнні Статкевіча яго незарэгістраваная партыя БСДП (Народная Грамада) прыняла на ўчарашнім пасяджэнні прэзідыума. Усяго ад структуры кандыдатамі ў дэпутаты хочуць стаць 27 чалавек. З-за адсутнасці рэгістрацыі ў БСДП (Народная Грамада), яе кандыдаты будуць вылучацца шляхам збору подпісаў. Такім жа чынам партыя ўдзельнічала ў выбарах восем гадоў таму, вылучыўшы тады каля 70 чалавек.
Парламенцкія выбары адбудуцца 11 верасня. Рэгістрацыя кандыдатаў пройдзе 2—10 жніўня, пасля чаго пачнецца этап перадвыбарчай агітацыі.
Фота tut.by