Мікалая Статкевіча арыштавалі (абноўлена)



 

Мікалай Статкевіч знайшоўся! Радасную вестку стомленым голасам колькі хвілін таму прамовіла для нашага радыё жонка палітыка Марына Адамовіч.

Пра гэта ёй паведаміў намеснік начальніка Ленінскага РУУС Менска, дзе да гэтага, як і паўсюдна, колькі гадзін таму ёй адмаўлялі ў якой-небудзь інфармацыі.

Кажа Марына Адамовіч:

– Яго засудзілі на пяць сутак адміністрацыйнага арышту. Пра гэта мне мне паведамілі літаральна паўгадзіны таму з Ленінскага РУУСа, дзе раней яго ніяк не знаходзілі. Рашэннем суда Ленінскага раёна, які таксама пра яго існаванне яшчэ паўгадзіны таму не падазраваў.

РР: Што будзе са святкаваннем 1 траўня на Кастрычніцкай плошчы, абвешчаным Мікалаем Статкевічам?

Марына Адамовіч: Я не ведаю. Для таго ўсё гэта і зроблена, каб людзі не сабраліся, каб іх дэмаралізаваць. Але Мікола ў прамым эфіры “Белсата” прасіў людзей прыйсці.

Мікалай Статкевіч знаходзіцца зараз у турме на Ахрэсціна. Падрабязнасці затрымання і фармулёўка адміністрацыйнага арышту не паведамляюцца. Але сувязь яго прэвентыўнага арышту з акцыяй 1 траўня відавочная. Гэтак жа ён быў затрыманы за два дні да святкаванні колішняга Дня Волі.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара

* * * 

Апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч, паводле непацверджанай інфармацыі, затрыманы напярэдадні акцыі пратэсту, якую ён планаваў правесці 1 траўня. Цяпер яго тэлефон адключаны, ён не выходзіў на сувязь з жонкай Марынай Адамовіч з 17 гадзін.

Адамовіч не ўпэўненая, што на гэты момант са Статкевічам усё ў парадку. „Ён з 17 гадзін не выходзіць на сувязь. Шчыра кажучы, я не ведаю, куды бегчы. Я ўжо тэлефанавала на Акрэсціна, яны абвяргаюць, што ён знаходзіцца ў іх. Напэўна, зараз паеду па РУУС”, — сказала жонка палітыка БелаПАН.

Паводле яе слоў, да 17 гадзін Статкевіча „бачылі, казалі, што ў яго была яшчэ адна сустрэча, але ён ужо даўно павінен быў быць дома, не пазней за 19—20 гадзін”.

Статкевіч заклікаў людзей прыйсці 1 траўня ў цэнтр Менска, каб запатрабаваць выканання шэрагу патрабаванняў эканамічнага і сацыяльнага характару.

Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў ізаляваны напярэдадні акцыі апазіцыі 25 сакавіка. Афіцыйныя прадстаўнікі МУС і КДБ заяўлялі БелаПАН, што асабіста ім нічога не вядома пра лёс апазіцыйнага палітыка. Статкевіч 27 красавіка заявіў, што яго некалькі дзён трымалі ў КДБ.

belapan.by