Статкевіч: Пакуль ёсць Пуцін, трэцяя сусветная магчымая
Экс-прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў выступіў з заявай, у якой сцвярджае, што “свет падышоў да небяспечнай рысы”. Гэта стала адказам на прамову начальніка Генштаба Сухапутных войскаў ЗША, генерала Марка Мілі. Высокапастаўлены вайсковец заявіў, што ўзброены канфлікт “амаль гарантаваны на нейкім этапе”. А таксама “Расея можа весці звычайную вайну ў Еўропе і перамагчы”. Мы папрасілі пракаментаваць сітуацыю падпалкоўніка запасу, стваральніка Беларускага згуртавання вайскоўцаў, палітыка Мікалая Статкевіча.
РР: Амерыканцы, бадай, заявілі пра непазбежнасць такой вайны. Як ставіцеся да гэтага як былы вайсковец і палітык?
Мікалай Статкевіч: Думаю, што Мілі генерал адказны і спрабуе прадухіліць самае жахлівае такімі заявамі. Сітуацыю, нібы, нельга параўнаць з наступам халоднай вайны ў мінулым стагоддзі, калі сілы Захаду і СССР былі прыблізна роўныя. І, між іншым, тое ж савецкае кіраўніцтва пасля Хрушчова і Карыбскага крызісу вяло сабе вельмі адказна. Ніколі не бразгала зброяй. Бо ўсе зразумелі, што свет можа знікнуць хутка і назаўжды. Зараз з боку пуцінскага кіраўніцтва назіраем паводзіны гопнікаў. Яны, здаецца, з захапленнем матляюць ядзернай дубінкай і прызнаюцца, што не выключаюць ядзернай вайны! Канешне, гэта тролінг і правакацыя. Сённяшняя Расея і блізка не валодае моцай Савецкага Саюза, нашмат слабейшая і не мае саюзнікаў. Хочуць стаць роўнымі са звышдзяржавамі, дамагчыся палітычных уласных мэт. Але яны настолькі безадказныя і авантурныя, што патэнцыйна робяць ваенны канфлікт магчымым. Сапраўды, краінай, хай сабе эканамічна слабой ды адсталай, але з гіганцкімі запасамі ядзернай зброі, сталі кіраваць людзі безадказныя, авантурныя, правакатыўныя. Такога свет даўно не бачыў.
РР: Калі яны кажуць пра вайну ў Еўропе са звычайнай зброяй, бок, што прайграе, можа і вымушаны будзе ўжыць больш моцную, аж да тактычнай ядзернай? Тым больш, не цяжка здагадацца, хто будзе слабейшы…
Мікалай Статкевіч: У любой вайсковай вучэльні на першым курсе вучаць, што вайна можа пачацца не з удараў стратэгічных боегаловак, а з раптоўнага стрэла. Дый вайна ў той жа Сірыі, калі Расея фактычна заявіла, што будзе збіваць амерыканскія самалёты, называючы іх “неапазнанымі лятаючымі аб’ектамі”. Другі бок пачне наносіць удары ў адказ па базах, дзе іх супрацьпаветраная абарона. І пайшло-паехала…
РР: Як усё гэта можа адбіцца на Беларусі?
Мікола Статкевіч: Больш чым небяспечна, бо мы фармальны найбліжэйшы саюзнік гэтай краіны. У нас расейскія ўстановы, дзе пакуль няма іх войскаў – станцыя папярэджвання ракет у Ганцавіцкім раёне ды вузел сувязі ў Вілейскім раёне. Зараз Расея спрабуе даціснуць Лукашэнку на рэальныя вайсковыя базы. Ён спрабуе ўпарціцца – гісторыкам жа сябе лічыць. Я яму нагадваў, як адбывалася анексія краін Балтыі. Патрабавалі – пастаўце ў сябе нашы базы. Яны тут жа сталі кропкамі для дэстабілізацыі сітуацыі. Потым датэрміновыя выбары “пад кантролем”, як у Крыме. І – уваход у склад Савецкага Саюза і адпаведна Расеі. Дарэчы, у Крыме “апорай” анексіі таксама стала расейская база ў Севастопалі. Лукашэнка ж загнаў нас у такі кут, што, калі здарыцца вайна, адседзецца нам не ўдасца. Дый Масква і пытацца нас не будзе. Іх генералы заўсёды казалі пра “беларускі балкон”. Пачнецца абмен ударамі – можна, маўляў, пачаць з Беларусі – усё роўна месца не сваё…
РР: Наколькі камфортна і „нерэпрэсіўна” зараз сябе адчуваеце?
Мікалай Статкевіч: Сапраўды, тыя ж заходнія дыпламаты кажуць – “у вас жа лібералізацыя, вы на свабодзе, нікога не саджаюць”. Я кажу, што для людзей, да якіх прыходзяць дахаты забіраць маёмасць, што бачаць малыя дзеці – ім лепш было б адседзець тыя 15 сутак. Я таксама не плачу штрафы – іх за апошнія год з невялікім накапілася больш за 5 тысяч даляраў. Каб хоць штосьці заплаціў з дапамогай праваабарончых арганізацый, БТ тут жа заявіла, што “занадта багаты”. Але ў мяне юрыдычна няма ніякай маёмасці – жыву ў доме жонкі Марыны, які належыць яе бацькам. Пасля акцыі 12 верасня ўлады чамусьці вырашылі, што знайшлі механізм уздзеяння на мяне. Арыштавалі нумар мабільнага тэлефона, забралі правы кіроўцы. Калі яшчэ сядзеў, жыхары нашай вуліцы Юбілейнай атрымалі ўладныя запэўніванні, што яна не будзе зносіцца. Балазе, там жылі нашы знакамітыя сельскагаспадарчыя дзеячы і побач вялізны палетак, на якім можна квартал збудаваць. Але 13 верасня, на наступны дзень пасля акцыі на Кастрычніцкай, было прынятае рашэнне пра знос гэтай вулкі, нібы, пад будаўніцтва хмарачоса. Безумоўна, гэта цяжкі ўдар па жонцы і суседзях. Прычым, мясцовыя вертыкальшчыкі пра гэта нічога не ведаюць – у кулуарах казалі, што “рашэнне прынятае на самых вярхах”. Канешне, гэта палітычнае рашэнне. Дробнае, гнюсненькае, камунальнае. І мне няцяжка здагадацца чыё. Спадзяюцца, мо гэта мяне спыніць. Ды не спыніць, не спыніць!
РР: Заўтра спаўняецца 25 год з дня устаноўчага з’езда Беларускага Згуртавання вайскоўцаў, што адбыўся 12-13 кастрычніка 1991. Вы былі яго стваральнікам. Мала хто ведае і памятае, што 20 жніўня 1991, калі яшчэ дамоклавым мячом вісеў камунафашысцкі путч, мы з Вамі ўвайшлі ў вяшчальны блок Беларускага радыё, дзе ў забароненым кіраўніцтвам прамым эфіры пасля забароненай жа уладамі Лукашэнкі радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная” падпалкоўнік Статкевіч абвясціў пра стварэнне Беларускага згуртавання вайскоўцаў…
Мікалай Статкевіч: Ваш начальнік роў, што Вам назаўтра будзе сапёрная лапатка па спіне, у аператаркі трэсліся рукі. Мне “свяціў” трыбунал. Але і браць адказнасць забароны эфіру таксама ўсе баяліся. Я ж прачытаў зварот да ўсіх беларускіх вайскоўцаў, каб не выконваць загады ГКЧП. І абвясціў пра стварэнне БЗВ. Зранку перад гэтым быў устаноўчы сход, на якім было 7 чалавек. Назву прапанаваў памерлы Віктар Івашкевіч. Заяўленыя мэты ўтварэння – незалежнасць краіны, стварэнне беларускага войска, патрыятычнае, гістарычнае выхаванне нацыі. На афіцыйны з’езд 12 кастрычніка прыехалі ўжо дзясяткі афіцэраў – былых і тых, хто знаходзіўся на сталай службе з усіх куткоў Савецкага Саюза , што жадалі вярнуцца і служыць на Радзіме. Сталі яго дэлегатамі. І заявілі пра галоўныя мэты – незалежнасць Беларусі і стварэнне нацыянальнага войска. Пасля была публічная прысяга на вернасць Беларусі, якую арганізавалі на Пляцы Незалележнасці 8 верасня 1992. А затым настаў час рэпрэсій, калі ў афіцыйным войску заканадаўча была забароненая любая грамадска-палітычная дзейнасць, удзел у любых грамадскіх аб’яднаннях. Але заяўленыя вышэй мэты былі дасягнутыя. Мы вырашылі пайсці на самароспуск, каб не запляміць светлую і слаўную гісторыю БЗВ. Бо былі ў некаторых планы зрабіць згуртаванне марыянетачнай філіяй адной з палітычных партый. А мы былі, мабыць, ідэалістамі, рамантыкамі. Што дазваляла, аднак, нам дзейнічаць кансалідавана, дружна і самааддана.
РР: БЗВ стала найрадчэйшым гістарычным выпадкам, калі рамантыкі перамаглі!
Мікалай Статкевіч: (смяецца) Так! Больш такога ў жыцці не назіраў…
Пасля з’езда ў БЗВ цягам наступных месяцаў уступіла да 5 тысяч вайскоўцаў. Сваю дзейнасць згуртаванне спыніла ў 1995 годзе.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара і з архіва Алеся Станкевіча