Статкевіч паведаміў Мінгарвыканкаму пра намер правесці 25 сакавіка „Марш абураных беларусаў”



Апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч перадаў у Мінгарвыканкам заяву аб намеры правесці 25 сакавіка „Марш раззлаваных беларусаў”. Тэкст заявы ён размясціў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” 22 сакавіка. „У адпаведнасці з правам, гарантаваным артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і падпісанымі нашай краінай міжнароднымі дамовамі, я маю намер правесці 25 сакавіка 2017 года ў Мінску „Марш абураных беларусаў”. Маршрут — ад Акадэміі навук да плошчы Незалежнасці па праспекце Незалежнасці. Пачатак акцыі — у 14.00 ля Акадэміі навук”, — гаворыцца ў заяве, датаванай 20 сакавіка.

У сувязі з тым што акцыя чакаецца шматлікай, Статкевіч прапануе з мэтай бяспекі вызваліць ад руху транспарту дзве крайнія правыя паласы праезнай часткі праспекта Незалежнасці для бесперашкоднага праходу ўдзельнікаў.

„У Беларусі адсутнічае законна абраны парламент і, адпаведна, легітымная працэдура рэалізацыі канстытуцыйнага права на свабоду мітынгаў і дэманстрацый, — гаворыцца ў заяве. — Таму, у адпаведнасці з прынятай у суседніх краінах практыкай, паведамляю пра свой намер правесці 25 сакавіка масавую акцыю за 5 дзён да яе пачатку. Прапаную выканаць патрабаванні Канстытуцыі і забяспечыць бесперашкоднае i бяспечнае правядзенне акцыі”.

Варта зазначыць, што заяўку на правядзенне шэсця з нагоды Дня Волі 25 сакавіка ў Мінгарвыканкам таксама падавалі сумесна прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Партыі БНФ, руху „За Свабоду”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і руху салідарнасці „Разам”.

Першы раз яна была пададзеная 6 студзеня, тады ўлады далі адмоўны адказ. Другая заяўка на правядзенне Дня Волі была пададзеная ў гарвыканкам 8 лютага.

Заяўнікам акцыі прапанавалі прыйсці ў Мінгарвыканкам 20 сакавіка, аднак адмянілі сустрэчу. У гэты ж дзень выканкам запрасіў заяўнікаў прыйсці 22 сакавіка ў 15.00. Аднак і гэтая сустрэча перанесеная на вечар 24 сакавіка „ў сувязі са змяненнем сітуацыі”, растлумачылі па тэлефоне аднаму з заяўнікаў адказнаму сакратару аргкамітэта па стварэнні БХД Дзянісу Садоўскаму.

У адпаведнасці з заканадаўствам заяўнікі павінны атрымаць адказ аб дазволе або адмове ў правядзенні вулічнага мерапрыемства за пяць дзён да заяўленай даты. Аднак на гэты момант рашэнне мінскіх уладаў не вядомае.

„Мы падалі заяўку, адказу на яе не атрымалі. Цяпер я і іншыя заяўнікі па законе не можам несці ніякай юрыдычнай адказнасці за тое, што будзе адбывацца 25 сакавіка”, — сказаў Садоўскі.

У абедзвюх пададзеных заяўках апазіцыянеры прасілі дазволіць збор удзельнікаў акцыі на пляцоўцы каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук і шэсце па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы.

21 сакавіка, не атрымаўшы ва ўстаноўленыя законам тэрміны адказ на заяўку, аргкамітэт па правядзенні Дня Волі прыняў заяву, у якой прапанаваў сабрацца ўдзельнікам акцыі на пляцоўцы каля Акадэміі навук і прайсці ў бок Кастрычніцкай плошчы, дзе правесці мітынг.

belapan.by