Статкевіч прапанаваў пачаць акцыю пратэсту з Адміністрацыі прэзідэнта
«У панядзелак 22 лютага а 12-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску адбудзецца чарговы мітынг у падтрымку ІП.
Падтрымоўваю гэты мітынг, — напісаў у сябе ў фэйсбуку экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч — але прапаную перад яго пачаткам прыйсці да прыёмнай Адміністрацыі прэзідэнта і прынесці з сабой заявы з патрабаваннем адмены ўказа 222, адмовы ад абмежаванняў на атрыманне і асабісты ўвоз рэчаў з-за мяжы, зніжэння цэнаў паслуг ЖКГ. Заявы можна і не аддаваць, але варта прыйсці адначасова, каб самым фактам нашага масавага прыходу мы маглі паказаць нашую нязгоду са спробай улады за наш кошт ліквідаваць наступствы свайго бязглуздага кіравання эканомікай», — заклікае Статкевіч.
«Гэта вашае законнае права прыходзіць у тую прыёмную са сваімі пісьмовымі ці вуснымі патрабаваннямі. Для таго ж тая прыёмная і існуе. Ніякіх дазволаў для гэтага не патрабуецца», — тлумачыць Статкевіч.
Першая публічная акцыя пратэсту прадпрымальнікаў адбылася ў мінулы панядзелак 15 лютага. Нягледзячы на сваю стыхійнасць, яна аказалася нечакана шматлюднай. У ёй узялі ўдзел каля 800 чалавек.
Пратэстоўцы патрабуюць як адмены ўказа 222, так і змены палітычнага і эканамічнага курсу краіны.
Прадпрымальнікаў падтрымалі лідары апазіцыі Анатоль Лябедзька, Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец.
Таццяна Караткевіч і Анатоль Шумчанка да акцыі 15 лютага не далучыліся.
«Хто не баіцца, прыходзьце — я там буду», — падкрэсліў Мікалай Статкевіч.