Статкевіч правядзе 25 сакавіка „Марш годнасці і волі”



Працоўная група па правядзенні шэсця на Дзень Волі вызначыла час і маршрут правядзення дэманстрацыі 25 сакавіка ў Менску. Пра гэта паведаміў у сваім фэйсбуку Мікалай Статкевіч.

Паводле ягоных словаў, „рабочая група аргкамітэта па святкаванні 100-й гадавіны БНР па яго даручэнні вызначыла новы час пачатку святочнага шэсця 25 сакавіка ў Менску, варыянты яго маршрута і назву. „Марш годнасці і волі” пачнецца ў 12.00 ад пл. Я. Коласа і пройдзе да месца святочнага канцэрта каля Опернага тэатра. На правядзенне шэсця будзе пададзена заяўка па маршруце: пл. Я. Коласа – пр. Незалежнасці – пл. Перамогі – вул. Кісялёва – вул. Багдановіча – Оперны тэатр.

Калі ўлады не задаволяць гэтую заяўку, шэсце ад пл. Я. Коласа да месца канцэрта пройдзе па пр. Незалежнасці і вул. Я. Купалы. Заяўка на правядзенне „Марша годнасці і волі” будзе пададзена 7 сакавіка.”