Статкевіч: Сённяшнімі затрыманнямі ўлада хоча сарваць шэсце 25 сакавіка
Сённяшнімі затрыманнямі палітыкаў Вячаслава Сіўчыка, Уладзіміра Някляева і Максіма Вінярскага „ўлада хоча сарваць” шэсце 25 сакавіка ў цэнтры Менска, заявіў БелаПАН адзін з ініцыятараў несанкцыянаванай уладамі акцыі Мікалай Статкевіч.
„Улада хоча паказаць апазіцыю групай клоўнаў, якія ўмеюць толькі танцаваць і весяліцца (Менгарвыканкам санкцыянаваў канцэрт і мітынг ля опернага тэатра. — БелаПАН.) у гадавіну народнага выступу, жорстка задушанага летась”, — сказаў ён.
Для арганізатараў шэсця, падкрэсліў палітык, „было і застаецца прынцыповым паказаць народу, што мы з ім, што мы не канцэртная, а пратэстная, народная апазіцыя”.
„Мы робім усё магчымае, каб у такіх умовах правесці годнае мірнае шэсце. Але ўлада перайшла да нейтралізацыі арганізатараў, такім чынам спрабуючы зменшыць яўку ўдзельнікаў акцыі. Я заклікаю людзей не баяцца, паказаць сваю волю да свабоды”, — заявіў Статкевіч.
Ён паведаміў, што ўжо некалькі дзён не выходзіць з дому. „Буду спрабаваць дайсці да месца збору ўдзельнікаў шэсця. Але нават калі я не дайду, то спадзяюся, што ў Беларусі дастаткова мужных мужчын і жанчын, што гэта не толькі некалькі чалавек, якіх затрымалі. Важна, каб нашы сцягі былі ў цэнтры Менска, важна паказаць, што нас не атрымалася запалохаць, важна паказаць народу, што мы выступаем за яго права”, — падкрэсліў палітык.