Статкевіч заклікае скласці адзіны спіс апазіцыйных кандыдатаў



Мікалай Статкевіч прапануе ўсім апазіцыйным структурам Беларусі скласці адзіны спіс кандыдатаў для ўдзелу ў кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў.

Цяпер, па словах палітыка, як мінімум 6 апазіцыйных партыяў і арганізацыяў заяўляюць пра вылучэнне сваіх сябраў на гэтыя выбары. Таму на шмат якіх выбарчых участках, асабліва ў буйных гарадах, можа апынуцца некалькі дэмакратычных кандыдатаў. У такіх умовах кандыдату ад улады нашмат лягчэй перамагчы, нават не выкарыстоўваючы фальсіфікацыяў. Выходзіць, што мы самі не выкарыстаем магчымасці перамагчы, расцягнуўшы галасы, — лічыць Мікалай Статкевіч:

— Нам скажуць потым: у кандыдата ад улады не было 55% галасоў, у яго было толькі 25, але ён дэпутат, бо ў іншых было яшчэ менш. І гэта будзе вельмі непрыстойная і смешная сітуацыя, і акрамя таго, я думаю, што па выніках гэтай сітуацыі Палата прадстаўнікоў можа быць прызнаная усімі міжнароднымі інстытуцыямі ў якасці парламента.

Па меркаванні Мікалая Статкевіча, гэта пытанне павінна быць вырашана на Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Неабходна сфармаваць адзіны, аб’яднаны спіс кандыдатаў ад усіх дэмакратычных структураў. Гэта павінен быць спіс, заснаваны на еўрапейскіх каштоўнасцях свабоды, дэмакратыі і нацыянальнага  развіцця, — падкрэсліў Мікалай Статкевіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск