Статкевіч знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна
Апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Менску, дзе будзе адбываць 10 сутак адміністрацыйнага арышту за адну з акцый, што прайшла ўвосень 2017 года, паведаміла БелаПАН яго жонка Марына Адамовіч.
Яна не выключае, што пад арыштам Статкевіч можа быць і больш працяглы тэрмін, таму што ў дачыненні да яго складзены яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол, рашэння суда паводле якога пакуль няма.
Статкевіч быў затрыманы сёння адразу пасля таго, як выйшаў са свайго дома і меў намер накіравацца на шэсце на плошчу Якуба Коласа. На працягу некалькіх дзён насупраць яго дома дзяжурылі мікрааўтобусы з людзьмі ў цывільным, а сёння таксама машына міліцыі.
Калі Статкевіч выйшаў з дома, да яго падышлі два супрацоўнікі міліцыі, якія сказалі, што трэба правесці разбор з нагоды пастановы суда Маскоўскага раёна сталіцы.
Як паведамлялася, нягледзячы на забарону, Статкевіч заклікаў прыхільнікаў сабрацца на плошчы Якуба Коласа, каб правесці „Марш годнасці” да опернага тэатра, дзе пройдуць санкцыянаваныя Менгарвыканкамам мітынг і канцэрт да Дня Волі. „Улада хоча паказаць апазіцыю групай клоўнаў, якія ўмеюць толькі танцаваць і весяліцца”, — заявіў Статкевіч. Для арганізатараў шэсця „было і застаецца прынцыповым паказаць народу, што мы з ім, што мы не канцэртная, а пратэстная, народная апазіцыя”, падкрэсліў ён.
24 сакавіка стала вядома, што Статкевічу па пошце даслалі адміністрацыйны пратакол за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваным маршы. Некалькі яго прыхільнікаў былі затрыманыя напярэдадні.