Статкевіча пазбавілі правоў кіроўцы за нявыплату штрафаў
Экс-палітвязень, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч пазбаўлены вадзіцельскага пасведчання за нявыплату штрафаў, накладзеных на яго ў сувязі з удзелам у несанкцыянаваных акцыях пратэсту. Рашэнне суда Ленінскага раёна Менска аб пазбаўленні права кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі палітык атрымаў 27 красавіка на пошце.
«Фармальна рашэнне законнае: мяне могуць пазбавіць пасведчання за нявыплату штрафаў, роўна як і забараніць выезд за мяжу альбо канфіскаваць пасведчанне паляўнічага ці рыбалова. Аднак самі штрафы я лічу незаконнымі. Я нічога не парушаў», — заявіў Статкевіч. Пазбаўленне вадзіцельскага пасведчання ён лічыць элементам ціску. Раней у яго адключылі мабільны тэлефон. «У мяне дзесяць штрафаў. Тры яны павесілі на ваенную пенсію, з якой незаконна вылічаюць 50% замест 20%, а за астатнімі штрафамі ганяюцца», — сказаў палітык. Статкевіч не выключае, што пазбаўленне вадзіцельскага пасведчання мае і іншую мэту: «Я жыву ў старым прыватным сектары, і дадому даводзіцца хадзіць цераз пустку і парк. Магчыма, разглядаецца варыянт маёй нейтралізацыі. Калі ходзіш пешшу — а я гэта люблю, адлавіць лягчэй. З машыны дастаць больш складана». Тым не менш наймаць вадзіцеля палітык не збіраецца, роўна як і лішні раз прасіць жонку падвезці. Паводле слоў Статкевіча, пасля пяці гадоў у турме ў яго няма ніякіх зберажэнняў, і ўлада павінна гэта разумець. «Вядома, ёсць людская салідарнасць, можна сабраць сродкі, але я не буду звяртацца па такі метад. Гэта мая прынцыповая пазіцыя», — падкрэсліў ён.