Статкевічу і Казлову працягнулі тэрмін утрымання пад вартай



Тэрмін утрымання пад вартай апазіцыйнаму палітыку Мікалаю Статкевічу працягнуты на тры месяцы — да 29 сакавіка, паведаміў БелаПАН адвакат Уладзімір Сазанчук. Паводле яго слоў, паведамленне аб гэтым Статкевіч атрымаў 23 снежня.

Абаронца нагадаў, што 15 снежня Статкевічу выставілі новае абвінавачванне — падрыхтоўка масавых беспарадкаў (ч. 2 арт. 293 КК). Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — восем гадоў пазбаўлення волі.

Сазанчук адзначыў, што такое ж абвінавачанне ў снежні было выстаўленае яшчэ аднаму ягонаму падабароннаму — блогеру Дзмітрыю Казлову (вядомы пад псеўданімам Шэры Кот). Тэрмін утрымання пад вартай яму таксама працягнулі да 29 сакавіка.

Ніякіх следчых дзеянняў са Статкевічам і Казловым — прынамсі з удзелам абароны — па-ранейшаму не праводзіцца, дадаў адвакат.

Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 мая, Дзмітрый Казлоў — 10 чэрвеня. Яны былі арыштаваныя за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, аднак пасля заканчэння тэрміну іх не выпусцілі, абвясціўшы падазраванымі ў межах „справы Ціханоўскага” па ч. 1 арт. 342 КК (падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Абвінавачванне па гэтым артыкуле абодвум было выстаўленае 8 ліпеня.

Статкевіч утрымліваецца ў ізалятары Жодзіна ў адзіночнай камеры. Казлоў — у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.