Статус прадстаўніцтва Швейцарыі ў Беларусі падвысіцца да амбасады



Статус прадстаўніцтва Швейцарыі ў Беларусі будзе павышаны да амбасады.

Як паведамляе прэс-служба Федэральнага дэпартамента замежных спраў Швейцарыі, такое рашэнне было прынятае 15 траўня на пасяджэнні Федэральнага савета.

„Рашэнне абгрунтаванае пастаянным развіццём адносін паміж Швейцарыяй і Беларуссю, — гаворыцца ў паведамленні. — Пасольства ў Менску афіцыйна адкрые гэтым летам кіраўнік МЗС Швейцарыі Ігнацыа Касіс”.

Адзначаецца, што штуршок да развіцця беларуска-швейцарскія адносіны атрымалі ў 2016 годзе пасля таго, як ЕЗ зняў большую частку санкцый з Беларусі. Да гэтага кроку далучылася і Швейцарыя.

„З таго часу Швейцарыя і Беларусь праводзяць усё больш двухбаковых сустрэч па палітычных і эканамічных пытаннях, — падкрэслівае прэс-служба. — Швейцарыя бачыць вялікія перспектывы ў эканамічным патэнцыяле Беларусі і ў яе прыхільнасці як пасрэдніка да падтрымання стабільнасці ў рэгіёне”.

Разам з павышэннем статусу дыпламатычнага прадстаўніцтва МЗС Швейцарыі „ўзмацняе сваю ўцягнутасць у сферу правоў чалавека ў Беларусі”.

belapan.by