Стала вядома пра затрыманне яшчэ трох супрацоўнікаў tut.by (абноўлена)



Сталі вядомыя прозвішчы яшчэ трох затрыманых супрацоўнікаў tut.by, якія напярэдадні не выходзілі на сувязь.

Як паведамляе партал у сваім тэлеграм-канале, спіс затрыманых папоўнілі намеснік галоўнага бухгалтара Марыя Новік, намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнэка і менеджар Андрэй Аўдзееў.

Акрамя таго, па-ранейшаму ні блізкім, ні адвакату не вядома, дзе знаходзіцца ўдава заснавальніка tut.by Юрыя Зісера Юлія Чарняўская.

Статус усіх затрыманых дагэтуль незразумелы.

* * * 

Статус затрыманых 18 мая васьмі супрацоўнікаў медыяпартала tut.by дагэтуль незразумелы — афіцыйнай інфармацыі няма.

Як паведамляе tut.by у сваім тэлеграм-канале, напярэдадні адвакатаў у дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК да затрыманых не пусцілі.

У актуальным спісе затрыманых галоўны рэдактар Марына Золатава, генеральны дырэктар Людміла Чэкіна, галоўны бухгалтар Анжэла Асад, намеснік дырэктара Ірына Рыбалка, галоўны інжынер Ала Лапатка, рэдактар Вольга Лойка, журналіст Алена Талкачова, юрыст Кацярына Ткачэнка.

Дагэтуль ні блізкім, ні адвакату невядома, дзе знаходзіцца ўдава заснавальніка партала Юрыя Зісера Юлія Чарняўская.

Раніцай 19 мая допуск у офіс tut.by у Менску быў закрыты паводле распараджэння следчых органаў. Відэа з камер, якія ўстаноўленыя на 8-м і 9-м паверхах будынка, дзе размешчаныя памяшканні tut.by, на маніторах не адлюстроўваецца. Наколькі вядома супрацоўнікам партала, сілавікоў унутры няма.

18 мая дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю распачаў у дачыненні да службовых асоб ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” справу паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

belapan.by