Стаўленне да арыштаваных апазіцыянераў пагоршылася
Стаўленне да арыштаваных за ўдзел у дэманстрацыях пратэсту апазіцыянераў пагоршылася. Да іх не пускаюць адвакатаў, не перадаюць перадачаў, ствараюць кепскія побытавыя ўмовы падчас адбыцця пакарання.
Так, да арыштаванага на 15 сутак Вячаслава Сіўчыка ўжо некалькі дзён не можа патрапіць адвакат. З цяжкасцю атрымалася перадаць некалькі бутэлек вады, якая арыштаванаму вельмі патрэбна, таму што ён трымае галадоўку, — распавядае яго маці Галіна Сіўчык:
— Яму трэба штодня а там абмежавана да 5 літраў на 3 дні, і гэтага для чалавека, які трымае галадоўку, вельмі мала. Таму мы былі вельмі засмучаны пасля таго як у суботу не пусцілі адваката, а ў нядзелю не прынялі перадачы з вадой. Такое нялюдскае стаўленне вельмі засмучае, я цяпер якраз успамінаю 1996 год і гэтыя паралелі не на карысць сённяшняму дню, бо крок па кроку згубілі тую прастору, дзе мы модам некуды скардзіцца. У нас была магчымасць звяртацца проста ў Генпракуратуру, хадзіць туды, ніхто нас адтуль не ганяў. Мы маглі ў Вярзоўны Савет да Карпенкі, ён мне даў тэлефон генерала Кухарчыка, які адказваў за медычную дапамогу, і я штодня тэлефанавала генералу, якія здымаў слухаўку, у адрозненні ад нашых цяпер РАУС-аў, я якіх ужо ёсць вызначальнікі, хто ім тэлефануе, і яны адзін раз адказваюць, а другі раз ты проста трапляеш альбо на факс, альбо ніхто не бярэ слухаўку. Увогуле мы цяпер у такім бяспраўным стане, што нам абсалютна няма куды звяртацца. Акрамя таго, што правы нашы змарнелі зусім, дык яшчэ і мараль размылася. І не толькі ў міліцыі, якая не выконвае сваіх законаў. Нікому нічога не цікава, ані лёс, ані што. А ў Славы ўжо на васямнаццаты дзень у 1996 годзе, хоць ён быў маладзейшы, адмовілі ныркі. Цяпер 15 дзён таксама вельмі трывожна для мяне, бо ён шчыры чалавек і не будзе крыўляцца і галадаць, як нашы знакамітыя сядзельцы, па 60 дзён. І апошняе, калі казаць пра размытасць маралі, гэта грамадства, якому ўсё роўна. Неяк дзіка стала, што 70-гадовага Уладзіміра Някляева, нават калі б ён не быў знакамітым паэтам, а проста чалавек у такім узросце, вельмі хворы, і яго ўзялі. І таксама грамадства не вельмі рэагуе, так кволенька: нехта там напісаў у Фэйсбуку, нехта палайкаў.
Вольга Някляева, жонка арыштаванага паэта і палітыка Уладзіміра Някляева:
— Адваката не пусцілі. Адвакат быў раніцай і крыху пазней, але і першы і другі раз сказалі чакаць маўляў усе пакоі занятыя. Але я ў гэта не веру, бо я была там а палове на дзявятую, чакала адваката, і ніхто туды не заходзіў на Акрэсціна. Сказалі, што ціск яму мералі і што ўсё ў парадку, а як яно насамрэч — невядома. Учора мне проста патэлефанаваў нейкі мужчына і сказаў, што ён прасіў хуткую дапамогу, але яе не выклікалі.
Таццяна Севярынец, маці арыштаванага Паўла Севярынца:
— Калі Вольга Някляева спрабавала перадаць перадачу спадару Уладзіміру нехта выйшаў з ЦІП, і папрасіў перадаць Волечцы Севярынец, што Паша Севярынец моцна яе кахае. Яна перадала ўчора Пашу нават нейкі магніцік, дзе было напісана «кахаю», дык ён ёй перадаў ёй такое пасланне. Адвакат быў у яго, трапіў, але перад гэтым не трапіў. З перадачамі там бываюць складанасці, што яны ўжо пачынаюць лічыць, колькі было перадачаў, нормы і так далей. Але ў Волечкі перадачу ўзялі, дзякуй Богу. І дзякуй людзям, якія дапамагаюць і ахвяруюць сродкі, каб крыху падтрымаць сядзельцаў. Я тэлефанавала на Акрэсціна, па адным з тэлефонаў датэлефанавалася, і мне сказалі, што сядзіць ён так як трэба, хоць была такая інфармацыя, што сядзіць ён нібыта так, як перад судом: 6 чалавек у камеры на 4 месцы. На Акрэсціна мне сказалі, што ўсё ў парадку, што ў іх іншая інфармацыя. Я іх прыпужала крыху, сказаўшы, глядзіце, бо праўда ўсё адно будзе вядомая, што вы здзекуецеся над людзьмі.
Галіна Сіўчык:
— Слава галадуе нават не супраць прысуду, але супраць таго, што стала яшчэ горш. Ён сем гадоў там не сядзеў і параўнаўшы сказаў, што ўмовы сталі нашмат горшыя і да палітычных сталі ставіцца горш чым да звычайных.
Такога раней у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў не было, — падкрэсліла Галіна Сіўчык.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя