Стаўленне да ініцыятывы скептычнае



Гучыць адназначны каментар ад двух незалежных экспертаў на інфармацыю пра мірныя перамовы з Лукашэнкам пры ўдзеле АБСЕ, ЗША і Расеі. Такую інфармацыю раней агучыў галоўны рэдактар “Эхо Москвы” Аляксей Венядзіктаў. Ён намякнуў, што атрымаў інфармацыю з дзвюх крыніц: заходняй і беларускай. 

Стандартная і нават банальная маніпуляцыя Крамля,–  так пра гэта кажа палітычны аналітык Павел Усаў:

– Маніпулятыўная гульня Крамля, бо Пуціну няма ніякага сэнсу змяняць сітуацыю ў Беларусі ці дамаўляцца з беларускай апазіцыяй. Унутры самой Расеі разгортваюцца рэпрэсіі, і як дамаўляцца з Еўразвязам, калі ў саміх сядзяць палітычныя зняволеныя? І Навальны таму прыклад. Заявы, скіраваныя на тое, каб адцягнуць увагу еўрапейскіх палітыкаў ад справы Навальнага, гэта вельмі-вельмі старая традыцыйная гульня-маніпуляцыя.

Лукашэнка на перамовы не пайшоў нават у самы крытычны для сябе момант, дадае палітычны аналітык Валерый Карбалевіч, паводле якога расейская падтрымка Аляксандру Лукашэнку зараз не так патрэбная. А ў самой Расеі сваіх праблемаў багата:

 – Лукашэнка не пайшоў на перамовы ў канцы жніўня-пачатку верасня, калі была ўсё меншая сітацыя, калі ўсё тут хісталася і ўлада таксама. І цяпер, калі вуліца як фактар палітыкі знік, разлічваць на такія перамовы не выпадае, тым больш цяпер  Лукашэнка менш залежыць  ад расейскай падтрымкі. Першыя дні, сапраўды, расейская падтрымка была вельмі важная псіхалагічна, інфармацыйна для ціску на дзяржаўны апарат Беларусі.

Пытанне перамоваў даўно гучыць у беларускай палітычным парадку дня. Спачатку пра гэта казала экс-кандыдат Святлана Ціханоўская, і нават на платформе „Голас” за перамовы выказалася каля 750 тысяч беларусаў.

З Масквы, вуснамі Аляксея Венядзіктава, прыйшла інфармацыя, што перамовы Лукашэнкі і апазіцыі адбудуцца, іх будзе весці АБСЕ пад кіраўніцтвам Швецыі, усіх палітвязняў запатрабуюць неадкладна вызваліць і рэабілітаваць.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя