Стаўленне ЗША да пытанняў правоў чалавека ў Беларусі не змянілася



Стаўленне Злучаных Штатаў Амерыкі да пытанняў правоў чалавека і свабоды СМІ ў Беларусі не змянілася, заявіў часовы павераны ў справах ЗША Роберт Райлі 30 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

„Мы вялі і вядзем абмеркаванні на гэтую тэму не толькі з уладамі, але і з міжнароднымі арганізацыямі, іншымі пасольствамі і грамадзянскай супольнасцю, — сказаў Райлі. — Мы падтрымліваем і выступаем за суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі. Мы лічым, што неад’емнай часткай такой падтрымкі з’яўляецца і падтрымка дэмакратычных каштоўнасцяў”.

Райлі таксама падкрэсліў, што павага і выкананне Беларуссю фундаментальных каштоўнасцяў — правоў чалавека, свабоды сходаў, асацыяцый і СМІ — прывяло б да наступнага паляпшэння беларуска-амерыканскіх адносін.

„Мы заўсёды спадзяемся і імкнемся да таго, каб гэты дыялог з беларускімі ўладамі працягваўся менавіта для таго, каб падтрымаць дэмакратычныя каштоўнасці”, — сказаў дыпламат.

belapan.by

Фота by.usembassy.gov