Сто дзён украінскага ўрада
У Кіеве падвялі вынікі працы новага складу Вярхоўнай рады і пасля выбранага ўрада Арсеня Яцанюка. За гэты час не былі праведзеныя структурныя рэформы і, нягледзячы на канстытуцыйную большасць кіруючай кааліцыі ў парламенце, так і не пачалася абяцаная год таму канстытуцыйная рэформа.
“Першыя сто дзён працы – гэта расчараванне”, – кажа ўкраінскі палітолаг Яраслаў Чарназуб.
– Няма канцэптуальнага бачання ў палітыкаў, нягледзячы на тое, што гэта нібы новыя палітычныя сілы. Тое, што зараз адбываецца “наверсе” ва Украіне, я ацэньваю негатыўна. Гэтая ўлада не адпавядае патрэбам людзей. Яна не дала адказу ні на агрэсію, ні на рэформы, ні на іншыя пытанні, узнятыя падчас рэвалюцыі.
Арсень Яцанюк узначаліў украінскі ўрад у лютым мінулага года пасля перамогі Еўрамайдану. У кастрычніку прайшлі датэрміновыя выбары ў Вярхоўную Раду, на якіх перамаглі праеўрапейскія партыі.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота uainfo.org