Сцэнарыстаў украінскай вайны трэба шукаць у Крамлі



2014-1447“Падзеі ва Украіне – абсалютна зрэжысаваная кампанія”, – заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв’ю праграмы “Тыдзень” на СТВ. Хто рэжысёр сцэнарыя і каму неабходна падтрымліваць агонь вайны ў бліжэйшых суседзяў? Пра гэта распавядае палітолаг Андрэй Фёдараў.

Па словах Макея, за “зрэжысаванай кампаніяй ва Украіне стаяць, у першую чаргу, эканамічныя, энергетычныя, а таксама палітычныя інтарэсы. Рана ці позна гісторыя ўсё раставіць на свае месцы”.

Андрэй Фёдараў: Не ведаю, якіх рэжысёраў меў на ўвазе Макей, але, як мне падаецца, сцэнарыстаў трэба шукаць у Крамлі. Гэта ж не з Захаду ваенныя ўвялі войскі ў Крым і не пад сцягамі Еўразвяза ва Украіне тэрарысты страляюць з сучаснай расейскай зброі. Відавочна, што Расея не хацела, каб Украіна пайшла ў Еўропу, а таму любымі метадамі правакавала сітуацыю. Спачатку адняла Крым, а затым хацела дзейнічаць і далей па “крымскаму сцэнару”. А вось далей пакуль не атрымоўваецца.

РР: Ці можна зрабіць сёння прагноз, калі наступіць стабільнасць ва Украіне і ад чаго гэта будзе залежыць?

Андрэй Фёдараў: У першую чаргу стабілізацыя сітуацыя будзе залежыць ад таго, ці ўдасца Захаду паказаць Расеі, што такі “сцэнар” непрымальны. А вось калі гэта адбудзецца, напэўна, ніхто не спрагназуе дакладна, бо дзейнічае вельмі шмат розных фактараў. Калі Захад не паставіць Крэмль на месца, то трагічныя падзеі працягнуцца.

РР: У сёняшніх умовах ці магла б Беларусь выступіць у якасці пасярэдніка ў канфлікце?

Андрэй Фёдараў: Думаю, не магла б, бо не валодае дастатковай вагой, каб прымусіць бакі пайсці на змягчэнне сваіх пазіцый. А пляцовак для перамоваў дастаткова – было б толькі жаданне весці гэтыя самыя перамовы. Таму беларускія ўлады па-ранейшаму займаюць пазіцыю “і нашым, і вашым”, хоць куды больш сімпатый адназначна аддаюць тым, хто дае ім крэдыты.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота gblor.ru, informator.su