Сцяпан Пуціла: Будзе новае расследаванне пра незаконныя спосабы ўзбагачэння Лукашэнкі
Беспрэцэдэнтную для Беларусі аўдыторыю сабраў фільм-расследаванне «Лукашэнка. Залатое дно», які падрыхтавала каманда забароненага і прызнанага экстрэмісцкім у Беларусі телаграм-канала, пад кіраўніцтвам Сцяпана Пуцілы.
Зараз фільм ужо паглядзелі больш за 3 мільёны 900 тысячаў чалавек. Неўзабаве будзе 4 мільёны праглядаў ды каля 50-ці тысячаў каментароў пад ім. Сцяпан Пуціла спакойна каментуе гэтыя лічбы ды кажа, што гэта не найважнейшая мэта.
Сцяпан Пуціла: Пра тое, як ён разыйдзецца, не думалі першапачаткова, канешне ж. Мы планавалі паказаць людзям наколькі там усё кепска. Бо кожны штосьці ведаў па частках: што ёсць гадзіннік, “Майбахі”, столькі рэзідэнцый. Але калі ўсё збіраецца ў адным, як паказалі водгукі, людзі былі шакаваныя і глядзелі стужку цалкам. Ютуб бачыць, што відэа праглядаецца цалкам. І паказвае яго людзям з розных краінаў. Расейцаў таксама шмат паглядзела і вельмі здзівілася.
РР: Сапраўды, гучыць такая інфармацыя, што вы гэта пазіцыянуеце як расследаванне. Гучаць ужо такія каментары, што людзі, якія палітычна заангажаваныя ў жыццё і сочаць за Лукашэнкам, многія гэтыя факты ведалі. Але яны не былі сабраныя ў адным месцы. Як у вас атрымалася іх сабраць? Бо багата працы над гэтым усім.
Сцяпан Пуціла: Было вельмі шмат працы. Мы амаль увесь месяц працавалі над стварэннем гэтага фільму. Перапісвалі сцэнар неаднаразова. Нават у апошні тыдзень нам давялося не выходзіць у свае тэлеграм-каналы, а сканцэнтравацца на працы. І апошнія тры ночы давялося нават не спаць.
Мы ў суботу правядзём стрымы, дзе распавядзём недамоўленае. Раскажам, якім чынам мы збіралі інфармацыю, якім чынам нам крыніцы пацвярджалі свае факты. І пакажам тое, што не апублікавана.
Бо шмат нам прыходзіла інфармацыі ўжо пасля расследавання і шмат новых фота рэзідэнцый.
РР: Стылістыка стужкі больш моладзевая, мне падалося, што трохі несур’ёзна. Мы нават абмяркоўвалі, што тая інфармацыя, вельмі важная, якая падаецца, можа ўспрыняцца як чуткі-плёткі за кошт атмасферы гэтага фільму. Гэта задуманая фішка ці вы так бачыце гэтую рэчаіснасць?
Сцяпан Пуціла: Мы асабліва над гэтым не задумваліся. Мы заўжды ў такім стылі. Калі хтосьці памятае фільмы: “Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы”, “Лукашенко. Над пропастью во лжи”. Там адзін стыль. Мы не пераходзім на наўпроставыя абразы. Мы не здраджвалі гэтаму стылю. І наша аўдыторыя яго ўспрымае. Але вядома, што шмат хто, асабліва са старэйшай узроставай катэгорыі, успрыняў гэта як занадта моладзевае. Але мы будзем пашыраць аўдыторыю і будзем старацца ў больш нейтральным ключы падаваць наступныя матэрыялы.
РР: Ці ёсць ужо нейкая рэакцыя, бо нават тэлеграм-каналы паведамлялі, што ў гэты дзень у рэзідэнцыі Лукашэнкі да пазна святло было запаленае. І Еўразвяз ужо адрэагаваў, што нібыта галаслоўныя вашыя абвінавачанні ў тым, што грошы ЕЗ ідуць на пабудову рэзідэнцый.
Сцяпан Пуціла: Наконт рэакцыі Еўразвязу: мы звярталіся сапраўды з просьбай патлумачыць, колькі грошай вылучана, і змаглі звязацца толькі з адной еўрадэпутаткай. Яна сказала, што ніякіх грошай ужо не выдзяляецца. І мы гэта паказалі ў фільме. Але пасля фільму з намі пачало звязвацца яшчэ больш людзей, якія менавіта па гэтай тэме выдаткавання еўрапейскіх грошай ведаюць яшчэ больш. І сказалі, што яны распавядуць яшчэ больш. Праблема ў тым, што Еўразвяз ніяк не адсочвае гэтыя сродкі. Безумоўна, рэжым можа ў пацверджанне таго, што сродкі выкарыстаныя як трэба, выслаць любыя дакументы. І яны ўспрымуць гэта за чыстую манету. Але мы ведаем, якім чынам рэжым фальсіфікуе гэтыя дакументы.
Мы будзем, канешне ж, працягваць расследаванне, наступны наш выпуск будзе ўжо са схемамі, мы ўжо падалі заяўку ў польскую памежную службу, каб нам распавялі пра ўсю кантрабанду. Гэта будзе цалкам новае расследаванне пра незаконныя спосабы ўзбагачэння Лукашэнкі.
Стужка «Лукашэнка. Залатое дно» расказвае пра палацы, самалёты, аўтамабілі і іншую маёмасць, якой карыстаецца Аляксандар Лукашэнка і ягоная сям’я. Аўтары «Залатога дна» абяцаюць яшчэ больш падрабязнасцяў, інфармацыі і дакументаў. Рыхтуюцца чарговыя фільмы.
Больш на гэту тэму ў праекце «Месца для прэсы» сёння а 19.30 паводле беларускага часу. А у Польшчы – на дзве гадзіны раней.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: кадр NEXTA / Youtube