Мастакі суполкі “Пагоня” не маюць магчымасці правесці выставу да Дня Волі ў Менску



Мастакі творчай суполкі “Пагоня” не маюць магчымасці правесці супольнай выставы да Дня Волі ў Менску. Улады ў Беларусі не маюць нацыянальнай свядомасці і жадання развіваць нацыянальны патрыятызм жыхароў Беларусі.

Першы кіраўнік творчай суполкі „Пагоня“ Алесь Марачкін, згадвае, што ад пачатку 90-ых гадоў мастакі рабілі супольную выставу на самым вышэйшым узроўні.

 – Супольна рабілі выставы на 25-га сакавіка. І гэта ішло амаль да 2005-га году. І, ведаеце, гэта было Свята. Людзі ведалі, што Пагоня будзе выстаўляцца. Людзі ішлі на выставу. Але прыйшоў новы “мудры” гісторык і ўсё спляжыў – і ціск быў на Саюз матакоў. І зараз, калі нашай творчай суполцы не даюць магчымасць выстаўляцца, і не дай Бог –  да 25-га сакавіка. 

„Магчымасці выставіць свае творы, ці правесці шырокія мерапрыемствы да Дня Волі цяпер вельмі сціплыя. Толькі ў прыватнай ініцыятывы”, – мяркуе мастак.

* * *

25 сакавіка 1918 года была створаная Беларуская Народная Рэспубліка з нацыянальнымі сімваламі і дэмакратычна абранай Радай.

“Улады павінны былі б скарыстацца гэтым, асабліва зараз, калі наступае так званы “рускі мір”, – кажа гісторык Павел Дайлід.

– Дзень Волі для нашых уладаў павінен быць найбольш выгадным. Ім не варта забараняць правядзенне такога свята, якое бы паказала, што Беларусь адрозніваецца, бо вядома, што “рускі мір” імкнецца пашырыцца і ў Беларусь. 

У горадзе Бяроза, на вялікі жаль, толькі адзінкі ведаюць пра такую важную гістарычную дату:

 – А 25-га…А? Што такое?

 – Не ведаю, як сказаць.

 – Не ведаю

 – Вялікая дата, калі бы ў нас усё атрымалася так, як мы хацелі, мы былі бы незалежнай і дэмакратычнай краінай у Еўропе.

 – Беларусы павінны ганарыцца гэтым днём, з такіх дзён складаваецца нацыянальная самасвядомасць. 

За такую нізкую нацыянальную самасвядомасць бярозаўчан нясуць адказнасць не толькі вышэйшыя ўлады краіны, але і мясцовыя. Ужо 18 гадоў яны не дазваляюць дэмакратычнай супольнасці зрабіць гэтае свята публічным. Самы нізкі бал можна смела ставіць і педагогам бярозаўскіх школ.

* * *

Пасяджэнне аргкамітэту па святкаванні Дня Волі адбыолося 26 лютага ў Менску. Ініцыятарамі стварэння аргкамітэту выступілі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, Партыя БНФ, Рух „За Свабоду” і шэраг іншых арганізацый ды ініцыятыў. Пасяджэнне адкрытае для журналістаў ды ўсіх ахвотны далучыцца да арганізацыі і правядзення акцыі, кажа сустаршыня БХД  Віталь Рымашэўскі:

– Створаны аргкамітэт па адзначэнні 25-га сакавіка – утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. І першае яго паседжанне адбудзецца ў чацвер у 15.00 на Чарнышэўскага. Так што я запрашаю ўсе грамадскія арганізацыі і ініцыятывы. Афіцыйна будзе падавацца заяўка на шэсце. І магчыма будуць прымеркаваны іншыя імпрэзы і мерапрыемствы, якія будуць мець святочны характар, мэта якіх будзе адзначэнне гэтай даты – важнай для кожнага беларуса.

“Акрамя таго, правядзенне вулічных акцый 25 сакавіка, 26 красавіка і акцыі „Дзяды” – вельмі важныя ва ўмовах аўтарытарнай Беларусі. Чым большы ціск уладаў, тым больш важныя дэманстрацыі пратэсту. Яны даюць магчымасць адкрыта выказаць грамадзянскую пазіцыю і заклікаць іншых людзей далучацца да супрацьстаяння рэжыму. Дата 25 сакавіка асабліва важная для беларускай гісторыі на фоне таго, што ўлады спрабуюць ачарніць памятныя даты беларусаў, перапісаць гісторыю краіны”, – дадае палітык.

 Беларускае Радыё Рацыя