Створаны петыцыі пра недавер да так званага „Усебеларускага народнага сходу”
Некалькі ініцыятываў Гародні падрыхтавалі петыцыі да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў па фактах неправамернага прызначэння дэлегатаў на так званы „Усебеларускі народны сход”, што пройдзе ў лютым.
Вядома, што ўлада не празрыстая: „Людзі не ведаюць нават працу сваіх выбраных дэпутатаў парламенту” – заўважае гарадзенец Яўген Дудкін, – адзін з аўтараў петыцый. Таму, на яго думку, прызначаныя людзі з лукашэнкаўскай клікі не могуць прадстаўляць народ.
– Улада папросту спрабуе зрабіць прыгожую карцінку, што нібыта абмяркоўваюцца важныя пытанні. І калі сапраўды размова заходзіць пра гэтыя важныя пытанні, а менавіта – пра палітычных вязняў, факты фальсіфікацый, рэпрэсій, гвалту, то ўлада затыкае рот гэтым людзям і людзі мусяць рэагаваць.
Дзейнічаць збор подпісаў будзе ў выглядзе зваротаў грамадзянаў, неабходна толькі запоўніць ў шаблоне свае асабістыя звесткі і даслаць. Петыцыі, на думку Яўгена Дудкіна, павінны абудзіць інтарэс гарадзенцаў да палітычных працэсаў у Беларусі, паказаць неканстытуцыйнасць гэтага прадстаўнічага органа, які сфармаваны вертыкаллю.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня