Суботнія і нядзельныя акцыі пратэсту не спыняюцца ў Беларусі
Суботнія і нядзельныя акцыі пратэсту не спыняюцца ў Беларусі. Цяпер яны адбываюцца лакальна – у дварах, у мікрараёнах, у парках і на ўскраінах гарадоў. У тых месцах, дзе найбольш бяспечна людзям выходзіць. Па-ранейшаму людзі актыўна выкарыстоўваюць нацыянальную сімволіку, перадусім бел-чырвона-белы сцяг.
У Менску і рэгіёнах 12 снежня прайшлі дэцэнтралізаваныя маршы пратэсту, як паведамляе БелаПАН.
Грамадзяне перасталі чакаць нядзелі і цяпер выходзяць штодня ў розных раёнах, звычайна ўвечары, пасля працы. У асноўным ім удаецца пазбегнуць сустрэчы з сілавікамі, якія ўзмоцнена патрулююць населеныя пункты па нядзелях.
У суботу, 12 снежня, лакальных акцый было больш, чым у будныя дні. Гэтаму спрыялі як фактар выхаднога дня, так і жалобная дата: месяц з дня смерці збітага Рамана Бандарэнкі. Стыхійная акцыя памяці прайшла, у прыватнасці, на другім паверсе крытай частцы Камароўскага рынку ў Менску.
Жыхары сталіцы выйшлі на акцыі ў розным фармаце ў мікрараёнах Лошыца, Сухарава, Новая Баравая, Усход, на вуліцах Валгаградскай, Парніковай. Пратэсты адбыліся ў Гародні, Віцебску, Жодзіне, Сеніцы (Менскі раён). Інфармацыя працягвае паступаць.
Увечары ў менскім мікрараёне Масюкоўшчына, у двары аднаго з дамоў на вуліцы Лынькова, затрымалі мясцовых жыхароў, якія сабраліся на анлайн-канцэрт гурту „Разбітае сэрца пацана”. Падрабязнасцяў пакуль няма. Зараз на YouTube ідзе канцэрт гурту, прысвечаны затрыманым.
Вядомы гісторык Алесь Белы паведаміў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, што 15 кастрычніка ў судзе Кастрычніцкага раёна Менска будзе разглядацца адміністрацыйны пратакол, складзены ў дачыненні да яго 87-гадовай цёткі Лізаветы Бурсавай, якая вывесіла на балконе бел-чырвона-белы сцяг. Паводле слоў Белага, у 1941 годзе цётка змагла эвакуявацца з Віцебска апошнім цягніком, у адваротным выпадку яе б забілі гітлераўцы як яўрэйку. У 1950-я гады, яшчэ да нараджэння Лукашэнкі, Бурсава была чэмпіёнкай і рэкардсменкай БССР і СССР па кулявой стральбе.
Беларускае Радыё Рацыя