Суд ААН адхіліў апеляцыю на прысуд генералу Ратку Младзічу
Суд ААН у Гаазе адхіліў апеляцыю, пацвердзіўшы пажыццёвы прысуд былому камандуючаму войска баснійскіх сербаў, генералу Ратку Младзічу.
Прысуд Младзічу вынеслі ў 2017 годзе за яго дачыненне да генацыду, ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці ў баснійскай вайне. Слуханні ў апеляцыйным працэсе пачаліся 25 жніўня 2020 года. Младзіч, які лічыць сябе невінаватым, дамагаўся апраўдання.
Ратка Младзіч быў асуджаны найперш за ўчыненую на яго загад масавую расправу над тысячамі баснійскіх мужчын і хлопцаў. 11 ліпеня 1995 года, пасля ўзяцця баснійскімі сербамі мусульманскага анклаву Срэбраніца, падначаленыя Младзічу атрады забілі каля 8 тысяч баснійскіх мусульман.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: newsline.com