Суд аштрафаваў Ірыну Халіп на 15 базавых



Суд Партызанскага раёна Менска аштрафаваў журналістку Ірыну Халіп на 15 базавых велічынь.

Паводле версіі абвінавачання, увечары 15 лістапада Халіп знаходзілася на Кастрычніцкай плошчы і прымала ўдзел у „несанкцыянаваным пікетаванні, якое не адносілася да перадвыбарнай кампаніі па агітацыі”.

У каментары журналістам пасля вынясення рашэння суда Халіп назвала выступленні сведак „стэндапам” і паведаміла, што не будзе абскарджваць прысуд.

„На самой справе звычайная гісторыя. Сёння мне крыху няёмка, што мяне аштрафавалі, а Яўген Афнагель і Максім Вінярскі сустрэнуць Новы год за кратамі. У гэтым выпадку я думаю не пра свой штраф, а пра іх і іх семі”, — адзначыла Ірына Халіп.

15 лістапада больш за 100 чалавек сабралася на плошчы Свабоды ў Менску на анансаваную кампаніяй „Еўрапейская Беларусь” акцыю „Сустрэча свабодных людзей” у рамках агітацыйных пікетаў апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты ПП НС.

Як паведамлялася, каардынатар грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель засуджаны на 15 сутак арышту „за акцыю ў абарону незалежнасці”. 

Раней сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец паведаміў, што ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна ў Менску знаходзяцца каардынатар „Еўрапейскай Беларусі” Максім Вінярскі і лідар незарэгістраванай арганізацыі „Малады фронт” Дзяніс Урбановіч.

Паводле belapan.by

Фота svaboda.org