Суд Бярозаўскага раёна не задаволіў скаргі БНФ



Суд Бярозаўскага раёна не задаволіў скаргі Савета Берасцейскай абласной арганізацыі партыі БНФ на рашэнне Бярозаўскага раённага выканаўчага камітэта. Савет партыі лічыць, што парушана пастанова Цэнтральнай выбарчай камісіі адносна фармавання ўчастковых выбарчых камісій. У камісіі не ўключаны трое сябраў партыі. Затое праўладным арганізацыям месца знайшлося, кажа адзін з партыйцаў Анатоль Сахаруша:

— Амаль кожны другі пенсіянер ужо гаворыць, што гэта сядзяць людзі, якіх паставіла ўлада, якія лічаць на карысць праўладных вылучэнцаў.

Пастанова Цэнтральнай выбарчай камісіі абавязвае заслухаць інфармацыю па кожнай кандыдатуры і правесці персанальнае галасаванне, калі лік прэтэндэнтаў перавышае колькасць прадугледжаных сябраў камісіі. Чаго на пасяджэнні Бярозаўскага райвыканкама не было. Вядучы юрыст выканкама Яўген Кашталян трактуе пастанову па-свойму:

— У гэтай пастанове ЦВК няма словаў, што Цэнтральная выбарчая камісія абавязвае Бярозаўскі райвыканкам  і агулам райвыканкамы Рэспублікі выконваць гэтыя патрабаванні. Такога слова «абавязваюць» — няма.

 

Рашэнне Бярозаўскага суда ўступіла ў сілу імгненна і абскарджванню не падлягае.

Беларускае Радыё Рацыя