Суд над Дзмітрыем Паліенкам пачнецца 17 кастрычніка
Суд над анархістам Дзмітрыем Паліенкам пачнецца 17 кастрычніка ў 10.30. Пасяджэнне ўнесенае ў расклад Менскага гарадскога суда, весці працэс будзе суддзя Пётр Арлоў.
Працэс над Паліенкам павінен быў пачацца ў Менгарсудзе 25 верасня, але яго перанеслі на няпэўны час з-за хваробы суддзі.
Паліенку ўлады пераследуюць ужо больш за тры гады. Першы раз ён быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за ўдзел у велапрабегу „Крытычная маса” ў красавіку 2016 года ў Менску. Яго абвінавацілі ў „гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў” — ён парваў куртку міліцыянеру. У кастрычніку 2016 года суд прыгаварыў Паліенку да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прысуду на два гады. У красавіку 2017-га адтэрміноўка была адмененая ў сувязі з неаднаразовым прыцягненнем Паліенкі да адміністрацыйнай адказнасці, актывіста змясцілі ў папраўчую калонію № 2 Бабруйска. Пасля гэтага беларускія праваабаронцы прызналі Паліенку палітвязнем.
З калоніі ён вызваліўся 24 кастрычніка 2018 года, але 20 сакавіка 2019-га зноў быў затрыманы — паводле падазрэння ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства. Згодна з паведамленнем СК, Паліенка нібыта распыліў газ з балончыка ў твар мужчыну, які зрабіў яму заўвагу наконт курэння ў пад’ездзе. Паведамлялася таксама, што па месцы жыхарства затрыманага праведзены вобыск.
5 красавіка Паліенку было выстаўленае абвінавачанне на падставе некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339), апаганенне збудавання і псаванне маёмасці (арт. 341), распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130).
2 ліпеня стала вядома, што крымінальная справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. 12 ліпеня яе вярнулі ў аддзел СК Заводскага раёна Менска для дадатковага папярэдняга расследавання ў адпаведнасці з арт. 264 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, паведаміла прэс-служба пракуратуры Менска.
Паліенку было выстаўлаенае яшчэ адно абвінавачанне паводле арт. 341 КК (за графіці ў Курапатах), а таксама абвінавачанне згодна з арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) — за абразу былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.
Выстаўленае ў красавіку абвінавачанне на падставе арт. 341 КК тычылася нанясення графіці на будынак на вуліцы Ахоцкай у Заводскім раёне Менска. Крымінальную справу СК распачаў 23 студзеня. Акрамя Паліенкі яго фігурантамі з’яўляюцца маладзёжныя актывісты Яўген Чуліцкі і Анастасія Гусева.
Увесь час пасля затрымання Паліенка знаходзіцца пад вартай. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у пачатку верасня актывіст быў змешчаны ў штрафны ізалятар, дзе трымаў тыднёвую галадоўку.
23 верасня стала вядома, што суд над Паліенкам пройдзе ў закрытым рэжыме.
У гэты ж дзень сем праваабарончых арганізацый Беларусі выступілі са зваротам, у якім запатрабавалі ад уладаў адкрытага судовага разбору па справе анархіста. Праваабаронцы адзначылі, што некаторыя з выстаўленых Паліенку абвінавачанняў „з’яўляюцца недапушчальным абмежаваннем свабоды выказвання меркавання” і ствараюць небяспечныя формы пераследу грамадзян за публічную крытыку прадстаўнікоў улады.У звароце падкрэслівалася, што ў адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах „кожны мае права пры разглядзе любога крымінальнага абвінавачання, выстаўленага яму, на справядлівы і публічны разбор справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, створаным на падставе закона”.
Аўтары звароту таксама нагадалі, што, згодна з нормамі міжнароднай праваабарончай супольнасці, парушэнне права на справядлівы судовы разбор пры наяўнасці палітычных матываў крымінальнага пераследу з’яўляецца падставай для прызнання такіх асоб палітычнымі вязнямі.
Зварот падпісалі закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, „Прававая ініцыятыва” і „Х’юман Канстанта”.
Фота ПЦ „Вясна”