Суд над Дзмітрыем Паліенкам перанесены (абноўлена)
Анархіст Дзмітрый Паліенка ў знак нязгоды з судовым працэсам, які павінен быў пачацца па яго справе раніцай 25 верасня ў Менгарсудзе, абвясціў маўклівы пратэст, паведамляе belapan.by. Як гаворыцца ў маніфесце, які Паліенка змог перадаць сваім аднадумцам, такое рашэнне ён прыняў „у сувязі з тым, што суд будзе праходзіць у цалкам закрытым рэжыме”.
„Я лічу гэта прамой расправай, бо не прызнаю віну ні па адным эпізодзе, а беларускаму правасуддзю не давяраю”, — заяўляе анархіст.
„Лічу, што закрытасць працэсу, а таксама падпіска аб невыдаванні звестак матэрыялаў справы, якую ўзялі з майго абаронцы і хацелі ўзяць у мяне, — гэта спецыяльны рэпрэсіўны ход, каб судзіць мяне па справах, якія шытыя белымі ніткамі. Мяне абвінавачваюць „са слоў”, па фантазіях і здагадках, без доказаў, каб схаваць гэтыя факты ад грамадскасці”, — сцвярджае Паліенка.
Ён падкрэслівае, што „па Крымінальна-працэсуальным кодэксе рабіць суд закрытым немагчыма і падстаў для гэтага няма”.
У сувязі з гэтым Дзмітрый Паліенка аб’яўляе, што „вырашыў цалкам байкатаваць судовы разбор у прамым сэнсе слова”. „Татальны байкот. І буду вымушаны пайсці на іншыя меры, пакуль суд не зробяць адкрытым. Маё права на справядлівы суд парушана, і іншага выйсця я не бачу. Прысуд яны ўжо вынеслі. Засталося толькі разыграць тэатральную пастаноўку. Мне губляць ужо няма чаго”, — гаворыцца ў маніфесце.
* * *
На 10 гадзін раніцы 25 верасня быў прызначаны судовы працэс над актывістам анархісцкага руху Дзмітрыем Паліенкам. Меркавалася, што суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.
Да пачатку працэса каля будынка суда сабраліся актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Народная Грамада” і „Еўрапейскай Беларусі”, якія разгарнулі перадвыбарчы пікет.
Будынак суда хтосьці закідаў чырвонай фарбай.
Праз некаторы час плямы зафарбавалі.
Акрамя актывістаў, якія прыйшлі падтрымаць Дзмітрыя, каля суда і ў самім будынку знаходзіліся шматлікія супрацоўнікі ў штацкім, некаторыя здымалі прысутных на відэа.
Аднак, стала вядома, што суд адкладзены з-за хваробы суддзі Пятра Арлова.
Нагадаем, Дзмітрый Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства (арт. 339 КК). Па меркаванні следства, ён распыліў пярцовы газ у твар мужчыне, які зрабіў яму заўвагу за курэнне на лесвічнай пляцоўцы. Раней, 21 студзеня, яго затрымлівалі з Яўгенам Чуліцкім і Анастасіяй Гусевай па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па арт. 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці) з
Праваабаронцы выступілі з заявай, у якой патрабуюць адкрытага судовага разбіральніцтва па справе Дзмітрыя Паліенкі.