Суд над Міхаілам Саакашвілі не адбыўся



Наш карэспандэнт у Грузіі Сяргей Апановіч распавёў пра суд, які меўся адбыцца сёння над былым прэзідэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі. З ім гутарыў Стась Дадэрка.

РР: Сяргей, распавядзі, што табе вядома, у якой сітуацыі адбыўся суд?

Сяргей Апановіч: Сёння павінен быў адбыцца суд над Міхаілам Саакашвілі ў Грузіі, сабралася вялікая колькасць людзей каля будынка суда. Цягам гадзіны ўсе чакалі, што суд адбудзецца, але ў выніку суд не адбыўся. Міхаіла Саакашвілі на суд не прывезлі, а яго адвакаты выйшлі з будынка суда і паведамілі, што судовае пасяджэнне адкладзенае на 29 лістапада. Яны ўсё ж такі спадзяюцца, што яго да 29 лістапада прывязуць з лякарні, дзе ён зараз у цяжкім стане.

Некалькі дзён таму было паведамлена, што за ўвесь час галадоўкі, гэта прыкладна два тыдні, ён страціў больш за 20 кілаграмаў. Але ніводнага здымка Міхаіла Саакашвілі ў СМІ няма, і пакуль усе думаюць, што гэта фэйк наконт таго, што ён страціў такую вялікую колькасць вагі.

РР: Больш за 40 дзён Саакашвілі трымае галадоўку, а абвінавачваюць яго па падзеях 2007 года, калі адбыўся разгон мітынгу апазіцыі. Што кажуць людзі ўвогуле пра гэтую справу, сапраўды ёсць за што яго судзіць ці не? Ці гэта чыста палітычная расправа?

Сяргей Апановіч: Грузінскае грамадства падзеленае на дзве часткі, адна кажа, што трэба Міхаіла Саакашвілі судзіць сапраўды, бо ў яго час было вельмі шмат розных парушэнняў, і канстытуцыйных у тым ліку, таксама парушэнняў грамадскіх правоў людзей. І вось гэтая справа 2007 года таксама мае рэзананс. А другая частка людзей кажа пра тое, што гэта ўсё абсалютна палітычнае, і такіх людзей становіцца ўсё больш і больш. Трэба звяртаць увагу на тое, што 30 кастрычніка скончыліся мясцовыя выбары, прайшоў другі тур, і вельмі шмат у якіх рэгіёнах перамагла апазіцыя. Калі казаць пра аб’яднаную апазіцыю, то гэта збольшага партыя Міхаіла Саакашвілі.

РР: Ці можа ў Грузіі дайсці да такіх вулічных пратэстаў, якія былі ў Беларусі ў 2020 годзе?

Сяргей Апановіч: У мінулыя выходныя ў Тбілісі сабралася да 20 000 людзей, і на вуліцах горада былі сутыкненні з паліцыяй. Зараз пачаліся затрыманні людзей, ужо затрымана паўсотні актывістаў розных партый і арганізацый. Але ў асноўным гэта прадстаўнікі партыі Міхаіла Саакашвілі. Ідуць затрыманні, прычым не толькі ў Тбілісі, але і ў іншых рэгіёнах.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя