Суд над Севярынцам і актывістамі „Еўрапейскай Беларусі” ў Магілёве будзе закрытым
Разгляд судом крымінальнай справы ў дачыненні да сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўлам Севярынцам, а таксама актывістамі грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Яўгенам Афнагелем, Паўлам Юхневічам, Дзмітрыем Казловым, Максімам Вінярскім і Андрэем Войнічам пройдзе ў закрытым рэжыме, паведамілі ў Магілёўскім абласным судзе.
Пачатак працэсу запланаваны 12 траўня. „Крымінальная справа будзе разглядацца ў закрытым судовым пасяджэнні ў сувязі з тым, што матэрыялы адносяцца да таямніцы, якую ахоўвае закон”, — паведаміла супрацоўніца абласнога суда, куды інфармацыйная кампанія БелаПАН звярнулася па акрэдытацыю карэспандэнта для асвятлення суда.
Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 года ля свайго дома ў Менску неўзабаве пасля таго, як правёў на плошчы перад сталічным Камароўскім рынкам „народны пікет свабоды і салідарнасці” побач з пікетамі па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў у прэзідэнты.
21 жніўня Севярынец павінен быў выйсці на волю пасля 75 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак Следчы камітэт паведаміў, што ў дачыненні да палітыка распачатая справа паводле арт. 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (затрыманне па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства). Затым стала вядома, што Севярынцу выстаўленае абвінавачанне згодна з ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках), яго пакінулі пад вартай.
Войніч, Юхневіч і Афнагель былі затрыманыя 25 верасня мінулага года. У кастрычніку ім выставілі абвінавачанне на падставе ч. 2 арт. 293 КК. У лютым 2021 года каардынатару „Еўрапейскай Беларусі” Афнагелю было выстаўленае яшчэ адно абвінавачанне — паводле ч. 3 арт. 293 КК (навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках або фінансаванне гэтай дзейнасці).
Пра затрыманне Вінярскага МУС паведаміла 26 студзеня. Згодна са звесткамі праваабаронцаў, яму таксама выстаўленае абвінавачанне па ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).
Блогер youtube-канала „Шэры кот” Дзмітрый Казлоў быў затрыманы 10 чэрвеня і на наступны дзень арыштаваны на 20 сутак. Ён павінен быў выйсці на волю 30 чэрвеня, але яго пакінулі за кратамі. Пазней стала вядома, што ў дачыненні да Казлова распачатая справа на падставе ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Усе шэсць абвінавачаных знаходзяцца ў магілёўскай турме № 4.