Суд над удзельнікамі акцыі „Мама памятае. А ты?”



У судзе Маскоўскага раёна Менска судзяць удзельнікаў акцыі „Мама памятае. А ты?” Яна была прысвечана працэсу, які ініцыявала маці былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, які знік у 1999 годзе. Ульяна Захаранка патрабавала прызнаць сына памерлым.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Зміцер Кавалгін

Па словах удзельніка пікетавання, намесніка кіраўніка менскай гарадской арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Зміцера Кавалгіна, пратаколы на некалькіх грамадскіх актывістаў былі складзены за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве:

– Нягледзячы на тое, што гэты пікет быў у межах выбарчай кампаніі і мы мелі поўнае права праводзіць яго, стаяць там, нас судзяць як за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Маё хадайніцтва, каб была праведзена экспертыза адлегласці, на якой праводзіўся пікет, суддзя адхіліў. Ён выслухаў сведкаў, якія блыталіся ў сваіх сведчаннях. Адзін сведка – гэта міліцыянт, які нас здымаў. Я бачыў яго. А другі – гэта абсалютна “левы” чалавек, якога там нават не было.

Аднак нягледзячы на блытаныя тлумачэнні сведкаў-міліцыянтаў, суддзя прызнаў Зміцера Кавалгіна вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і пакараў яго штрафам у памеры 30 базавых велічынь. Гэта 630 беларускіх рублёў.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Вольга Маёрава 

Адна з абвінавачваемых ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве —кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Вольга Маёрава. Яна лічыць, што пікет быў праведзены законна — нават з фармальнага боку, на ім праводзіўся збору подпісаў за вылучэнне ў дэпутаты. І таксама ён апраўданы з маральных пазіцый

— Я мела права выказаць падтрымку Ульяне Захаранцы. Гэта мая асабістая пазіцыя як чалавека, не толькі палітычная. У мяне сэрца спыняецца калі я думаю, што маці павінна патрабаваць прызнання свайго сына памерлым. Для мяне гэта ўвогуле абсалютна немагчымая сітуацыя. Я проста па чалавечы не магла не выйсці. І калі мяне судзяць з гэтай нагоды, дык гэта незаконна ўдвая. Гэта незаконна і юрыдычна і па чалавечых законах.   

Тым не менш, суд прызнаў Вольгу Маёраву вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні і аштрафаваў яе на 45 базавых адзінак . Гэта 945 беларускіх рублёў.

Вольга Маёрава намеравацца абскардзіць гэтае рашэнне суда.

Таксама да суду прыцягнутыя, Ганна Красуліна – прэсавы сакратар Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Марына Хоміч – кіраўнік Моладзі беларускай хрысціянскай дэмакратыі, грамадскія актывісты Яўген Афнагель, Павел Вінаградаў і іншыя.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя