Суд над Юрыем Гараўскім – прывітанне Лукашэнку
У Швейцарыі скончылі судзіць Юрыя Гараўскага, былога супрацоўніка СОБРА, спецыяльнага атраду хуткага рэагавання, калі расшыфроўваць расейскую абрэвіятуру. Гэта падраздзяленне Міністэрства ўнутраных справаў.
Прысуд чакаецца ў апошні тыдзень верасня. Юры Гараўскі сам здаўся швейцарскім уладам і прызнаўся, што ў 1999 годзе ўдзельнічаў у выкраданні і забойстве першага міністра ўнутраных справаў незалежнай Беларусі Юрыя Захаранкі, бізнесоўца Анатоля Красоўскага і галавы тагачаснай цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара.
Хто-ніхто ўжо называе суд над Юрыем Гараўскім гістарычнай падзеяй. Я вельмі спадзяюся што так і ёсць. Мінула амаль чвэрць стагоддзя. Некаторыя сучасныя лукашэнкаўскія карнікі ў 1999-м толькі нарадзіліся. І вось ужо ў іх рукі ў крыві бязвінных людзей, а раты апаганеныя ілжэсведчаннямі ў судах.
Гэтыя карнікі зусім маладыя людзі, якія апроч лукашызму нічога ў грамадскім жыцці не бачылі, і мяркуюць, што сістэма, у якой яны існуюць, будзе заўжды.
Калі Юры Гараўскі саўдзельнічаў у злачынстве, ён таксама быў маладым, і таксама не ўяўляў сябе ў будучыні на чвэрць стагоддзя пазней.
Важна падкрэсліць, што швейцарскім уладам Юры Гараўскі здаўся сам. І ў апошнім слове на судзе прасіў мінімальнага пакарання з улікам таго, што ён даў важныя сведчанні.
А сведчанні, хай сабе пакуль ускосна, гавораць пра арганізатара палітычных забойстваў – пра Аляксандра Лукашэнку.
«Дзе Ганчар?», «Дзе Захаранка?», «Дзе Красоўскі?» Штогод па некалькі разоў грамадскія актывісты выходзілі з плакатамі зніклых палітыкаў. У 2000-м годзе да спісу дадаўся Зміцер Завадскі, небяспечны для Лукашэнкі сведка, бо быў аператарам прэсавага пулу дыктатара.
Лукашэнка асабліва не рэагаваў на тыя пікеты, бо бачыў, што грамадства ставіцца абыякава да праблемы, а на Захадзе шукаюць магчымасці дамовіцца з дыктатарам, таму не тарпедуюць пытанне пра зніклых.
Дый сёння, прынамсі, публічна, заходнія палітыкі калі ўжо не плануюць дамаўляцца з Лукашэнкам, то, як мінімум, намагаюцца яго асабліва не турбаваць.
У прысудзе Юрыю Гараўскаму важны не столькі сам фігурант справы, колькі згадка пра Лукашэнку як наўпроставага заказчыка.
Сведчанняў па гучных справах больш як дваццацігадовай даўніны досыць шмат. Але толькі ў 2023 годзе мы пачуем судовы вердыкт па справе зніклых.
Пакуль не так важна, што суд не беларускі, а замежны. Значна тое, што з рашэннем швейцарскага суду можна будзе звяртацца да Еўрапейскіх ды іншых міжнародных прававых структур.
Крок за крокам, ад суду да суду трэба рыхтаваць Нюрнбергскі працэс па злачынствах лукашызму.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя