Суд не дапусціў гарадзенскага маркетолага стаць сябрам камісіі



У Гародні адбылося судовае паседжанне, на якім маркетолаг Яна Вераб’ёва спрабавала аспрэчыць рашэнне аб неўключэнні яе ва ўчастковую камісію.

Дзяўчына спрабавала стаць сябрам участковай камісіі, сабраўшы 10 подпісаў жыхароў свайго раёна:

– Я лічу, што гэта мой грамадзянскі абавязак, і на гэтых выбарах мне максімальна хочацца быць неабыякавай і зрабіць усё магчымае, што ў маіх сілах. У прыватнасці, падаць заяву на ўдзел ва ўчастковай выбарчай камісіі, лічыць подпісы, не дапускаць фальсіфікацыі выбараў і проста не застацца ў баку ад гэтага працэсу.

Аднак, на думку актывісткі, суд палічыў, што яна не можа стаць сябрам камісіі:

– Дзякуючы ініцыятыве «Сумленныя людзі» я запоўніла скаргу, таксама сабрала 10 подпісаў ад маіх суседзяў, якія мяне вылучалі, і падала ўсе дакументы ў суд. Канешне, у судзе мне былі не вельмі рады. Прыкладна 4 гадзіны пайшло на тое, каб мае паперы зарэгістравалі. А сам суд прайшоў вельмі хутка. Паколькі я не была юрыдычна адукаванай, у мяне было толькі двое выходных, каб знайсці нейкага адваката ці юрыста, аказалася недастатковым тая падстава, што 10 людзей даручылі ў сваёй скарзе, каб я ад іх імя прадстаўляла іх інтарэсы ў судзе.

Яна Вераб’ёва не губляе надзеі і спадзяецца, што стане на бліжэйшых выбарах назіральнікам на адным з гарадзенскіх участкаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: facebook.com