Суд не прызнаў Юрыя Захаранку памерлым (абноўлена)
Менскі гарадскі суд палічыў законным прыпыненне разгляду справы аб прызнанні былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі памерлым. Захаранка быў скрадзены невядомымі 7-га траўня 1999-га году. З таго часу пра яго нічога не вядома. З просьбай аб прызнанні сына памерлым у суд звярнулася яго маці, Ульяна Захаранка. Па словах кіраўніка арганізацыі „Прававая дапамога насельніцтву” Алега Воўчака, які з’яўляецца таксама юрыдычным прадстаўніком жонкі Юрыя Захаранкі – Вольгі, рашэнне суда – незаконнае:
– У самой скарзе дастаткова ўказана законных падстаў, што павінна разглядацца грамадзянская справа па Юрыю Захаранку. І ёсць усе падставы прызнаць яго памерлым. Аднак Менскі гарадскі суд спаслаўся на думку суда 2002 года, калі Вольга Барысаўна Захаранка падавала на прызнанне мужа памерлым, а гэта такая выснова, маўляў, пакуль разглядаецца крымінальная справа, Юрыя Захаранку немагчыма прызнаць памерлым.
Аднак Алег Воўчак адзначае, што згодна з беларускай і міжнароднай практыкай, калі пра зніклага няма звестак больш за тры гады, то яго прызнаюць памерлым. Факт, што ў адносінах Захаранкі – палітычнага апанента Лукашэнкі – не атрымоўваецца зрабіць гэта ўжо 17 год з моманту знікнення, паказвае, што справа мае палітычную падставу і можа быць вырашана толькі пасля змены ўлады, – упэўнены юрыст.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Менскі гарадскі суд не задаволіў хадайніцтва Ульяны Захаранкі, маці былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, які знік 17 гадоў таму, аб прызнанні памерлым яе сына.
Суд палічыў, што аргументаў, якія прадставіў бок Ульяны Захаранкі, недастаткова, каб задаволіць хадайніцтва. Пасля выраку актывісты апазіцыі зладзілі пікет насупраць будынка Менгарсуда.
На ўдзельнікаў пікету міліцыя склала адміністрацыйныя пратаколы.
Былы міністр унутраных спраў Беларусі, адзін з лідараў апазіцыі Юрый Захаранка быў скрадзены ў Менску невядомымі ў красавіку 1999-га года. Што далей з ім стала, грамадскасці невядома.
За час кіравання Аляксандра Лукашэнкі не раз знікалі вядомыя палітыкі і грамадскія дзеячы, апроч Захаранкі гэта: віцэ-спікер Вярхоўнага Савета, экс-старшыня ЦВК Віктар Ганчар, бізнесовец Анатоль Красоўскі і тэлеаператар Дзмітрый Завадскі. Злачынствы дагэтуль не раскрытыя.