Суд не задаволіў скаргу на працяг тэрміну ўтрымання пад вартай Мікалая Статкевіча



Суд Партызанскага раёна Мінска не задаволіў скаргу на працяг тэрміну ўтрымання пад вартай апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча.

У канцы кастрычніка было прынятае рашэнне пакінуць палітыка ў зняволенні яшчэ на два месяцы — да 29 снежня. Абарона мае намер абскардзіць рашэнне раённага суда ў Менскім гарадскім судзе.

Да 29 снежня мера стрымання працягнутая таксама блогеру Дзмітрыю Казлову (Шэры Кот). Абарона падрыхтуе скаргу і для яго.

Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 мая, Дзмітрый Казлоў — 10 чэрвеня. Абодвух пакаралі адміністрацыйным арыштам за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, аднак пасля заканчэння тэрміну адбыцця пакарання не выпусцілі, абвясціўшы падазраванымі ў межах „справы Ціханоўскага” на падставе часткі 1 артыкула 342 КК (падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 8 ліпеня абодвум было выстаўлена абвінавачанне згодна з гэтым артыкулам.

Статкевіч знаходзіцца ў Жодзіне. Яму двойчы працягвалі меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Казлоў застаецца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Беларускае Радыё Рацыя