Суд не задаволіў скаргу Някляева на адміністрацыйны арышт (абноўлена)
Менскі гарадскі суд пакінуў ў сіле 10-суткавы адміністрацыйны арышт, на які раней быў асуджаны паэт і палітык Уладзімір Някляеў. Раней суд Ленінскага раёна прызнаў яно вінаватым у закліках да ўдзелу ў дэманстрацыі 21 кастрычніка ў Менску, у якой сам ён не ўдзельнічаў.
„Я не чакаў іншага выніку, хоць ніякай маёй віны няма,” – кажа Уладзімір Някляеў.
– Змаганне ідзе не толькі супраць мяне, яно ідзе па ўсіх франтах. Задача ўлады – падавіць пратэстны рух у самых найменшых яго праявах. Каб выглядала ўсё такім чынам, што вось мы тут дэмакратызуемся, лібералізуемся. І ў нас усё ціха, спакойна. Калі вылазяць такія людзі як Някляеў, Статкевіч, то яны псуюць агульную карціну і ад іх, як я лічу, проста выршылі пазбавіцца.
Уладзімір Някляеў нагадаў, што прадставіў суду медыцынскія даведкі аб стане свайго здароўя. Але яны не прынятыя да ўвагі. Трэба нагадаць, што раней ён перанёс інсульт, а зараз мае сур’ёзныя праблемы з ціскам. Падчас мінулага арышту ў Някляева адбыўся гіпертанічны крыз. Таму паэт і палітык лічыць, што ўлады наўмысна дзейнічаюць так, каб справакаваць у яго сур’ёзныя праблемы са здароўем.
***
Па словах аднаго з прысутных на судзе, ветэрана беларускай журналістыкі Сяргея Ваганава, гэты працэс нагадваў тэатр абсурда.
– Усё выкладзена. Усе аргументы прыведзены. Сядзіць суддзя, усё ён “приобщил к делу”. Сказаў: “я приобщаю к делу”. Узяў усе хадайніцтвы. „Усё павінна адбыцца па законе”. Потым недзе знікае на паўгадзіны ў сваёй “совещательной комнате”. З кім ён там “совещается”? Я не ведаю. Ніхто не ведае. Мы чакаем, чакаем. Зараз выйдзе і нарэшце будзе нешта нармальнае. Выходзіць і гаворыць адзін сказ: “не удовлетворить, оставить без изменения”. Не аргументаў, нічога.
Становіцца абсалютна зразумела і відавочна, што суддзя дзейнічае па загаду, – кажа Сяргей Ваганаў.
І трэба памятаць пра тое, – падкрэслівае ён, – супраць каго накіраваны гэтыя абсурдныя рэпрэсіі. Не супраць правапарушальніка, а супраць паэта. А паэты, вялікія паэты заўсёды былі ў апазіцыі да несправядлівай ўлады. Бо паэты бачаць далей за палітыкаў і глыбей адчуваюць жыццё.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя