Суд вызваліў Юрася Губарэвіча ад адказнасці за чытанне вершаў



Суд вызваліў старшыню руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча ад адміністрацыйнай адказнасці за чытанне вершаў Максіма Багдановіча ля помніка паэту ў Менску 9 снежня.

___img_74171-6q3nh-1xmsk

Такое рашэнне прыняла суддзя суда Цэнтральнага раёна Менска Вікторыя Шабуня. Справа ў дачыненні да палітыка за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў спынена «з прычыны малазначнасці».

— Судовы вырак для мяне быў абсалютна нечаканым. У судовым рашэнні пазначана, што справа спынена па прычыне яе малазначнасці, але ўсё ж сам факт правапарушэння яны прызналі. Тым не менш гэта дастаткова рэдкая з’ява для беларускіх судоў увогуле, а ў дачыненні да прадстаўнікоў апазіцыі, дык і падаўна. Як правіла, калі ўжо складаюцца пратаколы, а па дадзенай справе было, наколькі нам вядома, больш чым на чатырох удзельнікаў склалі пратаколы, то з судах заўсёды гучыць абвінаваўчы вырак.

Пры гэтым Губарэвіч аштрафаваны на 50 базавых велічынь (гэта 1.050 рублёў) за ўдзел у акцыі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій 7 лістапада ля будынка КДБ у Мінску. Слуханне справы Губарэвіча цягнулася два дні. Сведчылі ў судзе супрацоўнікі АМАП. Яны распавялі, што палітык чытаў вершы ля помніка Максіму Багдановічу. Адзін з іх нават выказаў здагадку, што прадстаўнікі апазіцыі ў той дзень выступалі супраць паэта.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя