Судовы працэс па „справе аб змове” можа пачацца на пачатку 2022 года



Судовы працэс па „справе аб змове” можа пачацца ў студзені-лютым 2022 года.

Пра гэта піша „Наша Ніва” са слоў знаёмых Юрася Зянковіча — аднаго з абвінавачаных па гэтай справе. Юрыста Юрася Зянковіча, літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту і старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва затрымалі ўвесну 2021-га.

У фільме АНТ „Забіць прэзідэнта” сцвярджалася, што яны ўступілі ў змову з мэтай гвалтоўнай змены ўлады ў Беларусі. Ім пагражае ад 8 да 12 гадоў зняволення.

Дачка Кастусёва Кацярына кажа, што хадзіла да доктара, каб даведацца вынікі біяпсіі бацькі — у яго было падазрэнне на анкалагічнае захворванне, якое пацвердзілася. Акрамя таго, палітык на нагах перанёс інфаркт.

Кастусёва і Фядуту перавялі з турмы КДБ („Амерыканкі”) ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага. Жонка Фядуты Марына Шыбко кажа, што аніводнага ліста ад мужа з „Валадаркі” яшчэ не атрымала. Следчыя дзеянні з Фядутам не вяліся з лістапада. Жонка Юрася Зянковіча ад каментароў адмовілася.