Суды над удзельнікамі акцыі 24 лістапада



У Менску прайшлі суды над удзельнікамі акцыі ў гадавіну рэферэндуму 1996 года. Разглядаліся адміністрацыйныя справы супраць назіральнікаў з Хельсінскага Камітэта і “Вясны”, палітыкаў, а таксама грамадскіх актывістаў. “Справы супраць назіральнікаў разваліліся, матэрыялы адправілі ў міліцыю на дапрацоўку,” – гаворыць намеснік ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

– З аднаго боку, добра, што не прыцягнулі да адказнасці, бо гэта б было зусім кепска. Але тут пазіцыя няўцямная, бо не сказалі, што мелі рацыю, калі гэта рабілі. Тэрміны не спыняюцца, калі пратаколы ідуць на дапрацоўку. То бок, калі міліцыянты не ўкладаюцца ў тэрмін (а гэта 2 месяцы), які прадукледжаны заканадаўствам, то справа будзе спыненая. Бо яе тэрмін скончыўся.

Грамадскага актывіста Антося Жылко пакаралі штрафам у памеры 20 базавых велічыняў. Станіслаў Паўлінковіч атрымаў 25 базавых за здымак з бел-чырвона-белым сцягам. Разгляд спраў Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева перанесеныя, бо палітыкі ў суд не з’явіліся.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск