Суды над удзельнікамі Устаноўчага сходу (абноўлена)



Актывісту апазіцыі Вячаславу Сіўчыку пагражае прымусовы прывод ў суд, паведамляе сайт праваабарончага цэнтру „Вясна„.

Сёння раніцай Сіўчык не з’явіўся ў суд Цэнтральнага раёна Менска, дзе павінна была разглядацца яго адміністрацыйная справа за ўдзел ва ўстаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэса. У сувязі з гэтым судом прынятае рашэнне перанесці пасяджэнне на 6 чэрвеня «з прымусовым прыводам у суд».

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі, экс-спікер Вярхоўнага савета Станіслаў Шушкевіч аштрафаваны за ўдзел ва ўстаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэса на 30 базавых велічынь.

Такое рашэнне вынесла суддзя суда Цэнтральнага раёна Менска Вікторыя Шабуня. Сам Шушкевіч на паседжанне суда не прыйшоў, але паколькі хадайніцтваў аб пераносе разгляду справы ён не накіроўваў, суддзя прыняла рашэнне правесці паседжанне сёння. Па версіі суда, экс-спікер Вярхоўнага савета браў удзел у не санкцыянаваным Менскім гарадскім выканкамам мітынгу, „выступаў з гучнагаварыцелем і выкрыкваў лозунгі”.

Усяго, паводле звестак праваабаронцаў, у розных судах сталіцы 24 мая за ўдзел у акцыі судзяць 12 чалавек.

* * *

На кіраўніка аб’яднання Моладзь БНФ (гэта маладзёвае крыло Партыі БНФ) Юрыя Лукашэвіча былі складзены пратаколы па двух артыкулах адмінітрацыйнага кодэксу.

– Мяне судзілі па артыкуле 23.34 за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях і 23.4 – за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Па першым артыкуле мяне прызналі вінаватым і далі 15 базавых, а справу па арт.23.4 адклалі на дапрацоўку. Я не прызнаў сябе вінаватым, сказаў, што кіраваўся артыкулам 35 Канстытуцыі Беларусі, гэта яныі запісалі ў пастанове.

Артыкул 35 Канстытуцыі, нагадаў Юрый Лукашэвіч, гарантуе грамадзянам свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання. Таму Юрый Лукашэвіч абскардзіць незаконную, па яго меркаванні, пастанову суда.

Увогуле, па звестках праваабаронцаў, міліцыя склала каля 20 пратаколаў на ўдзельнікаў Кангрэса дэмакратычных сілаў.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

* * *

Вядома, што лідар маладзёжнага крыла Партыі БНФ „Моладзь БНФ” Юрый Лукашэвіч і актывіст Павел Старавойтаў аштрафаваныя на 15 базавых велічынь кожны. Актывіст Дзмітрый Сільчанка атрымаў штраф у 30 базавых велічынь.

* * *

Чарговыя суды чакаюць удзельнікаў устаноўчага сходу Беларускага нацыянальнага кангрэса. Сёння справы чатырох актывістаў разгледзяць у розных судах сталіцы. Усе працэсы пачынаюцца а 9-й гадзіне.

Суд Фрунзенскага раёна разгледзіць справу актывіста кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Максіма Вінярскага, суд Цэнтральнага раёна — актывіста Юрыя Лукашэвіча.

Сёння таксама судзяць палітыкаў Станіслава Шушкевіча і Уладзіміра Някляева. Апошнім часам улады ўстрымліваюцца ад больш жорсткіх метадаў пераследаў, але ж штрафы засталіся, як заўважае намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч:

– Удзельнікі мерапрыемстваў не затрымліваюцца, а, як правіла, яны атрымліваюць штрафы. Мерапрыемствы праходзяць без умяшальніцтва органаў міліцыі. Той жа кангрэс, які нядаўна адбываўся, прайшоў фактычна без аніякіх перашкодаў з боку міліцыі. Хоць удзельнікаў прыцягнулі да адказнасці ў выглядзе штрафаў. І гэтыя суды адбываюцца штодня.

Пратаколы за ўдзел ва ўстаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэса складзеныя ў дачыненні больш як да 20-ці чалавек. Кангрэс прайшоў 15-га траўня на адкрытым паветры пасля таго, як аргкамітэт не змог арандаваць памяшканне. Гэта пераўтварыла яго ў вулічную акцыю без санкцыі ўлады.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя