Суды не задаволілі скаргі кампаніі „Права выбару”



Суды не задаволілі скаргі кампаніі назірання „Права выбару” на фармаванне ўчастковых выбарчых камісій, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар кампаніі Аляксей Янукевіч.

 

Паводле яго слоў, было пададзена прыблізна два дзясяткі скаргаў у раённыя суды акругаў, дзе кампанія вылучала сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбаркамы. „Ні адна са скаргаў не была задаволеная. Суды пакінулі ў сіле рашэнні аб фармаванні ўчастковых камісій”, — сказаў Янукевіч.

Ён адзначыў, што пры азнаямленні з матэрыяламі спраў прадстаўнікамі кампаніі былі выяўленыя парушэнні ў афармленні дакументаў.

„Напрыклад, калі знаёміліся з матэрыяламі справы ў судзе Лагойскага раёна, нас цікавілі пратаколы вылучэння людзей, уключаных у склад выбарчых камісій. Было шмат парушэнняў. Так, у пратаколе ад Камуністычнай партыі адсутнічалі вынікі галасавання. У некаторых праўладных членаў камісій не былі цалкам пазначаныя адрасы , у пратаколах вылучэнцаў арганізацый альбо няма інфармацыі аб юрыдычных адрасах, альбо няпоўныя звесткі. З такімі пратаколамі нікога нельга было ўключаць у склад камісій”, — растлумачыў ён.

Янукевіч адзначыў, што пры разглядзе скаргаў у некаторых мінскіх судах пратаколы вылучэння наогул адсутнічалі ў матэрыялах справы.

„Я ўпэўнены, што ўлады вырашылі не ўключаць пратаколы ў матэрыялы справы з-за масы парушэнняў. Гэта сведчыць, што рашэнні аб фармаванні камісіі прымаліся зыходзячы з палітычнай мэтазгоднасці. Патрэбныя людзі ўключаліся, непатрэбныя выкрэсліваліся. І, натуральна, участковыя выбарчыя камісіі, якія нясуць асноўны цяжар па падліку галасоў, сфармаваныя фактычна без дэмакратычных і апазіцыйных сіл, не могуць выклікаць давер у грамадства”, — перакананы ён.

У кампанію назірання „Права выбару” ўваходзяць Партыя БНФ, аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух „За Свабоду”, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя „Зялёныя”, аргкамітэт па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу, незалежны прафсаюз РЭП.

Кампанія „Права выбару” вылучыла 401 чалавека ва ўчастковыя выбарчыя камісіі ў 17 акругах, прайшлі — трое. Усяго па Беларусі ва ўчастковыя выбаркамы ўвайшоў 21 прадстаўнік апазіцыі, а агульная колькасць членаў выбаркамаў складае 63.646.

Міжнародныя і незалежныя назіральнікі неаднаразова звярталі ўвагу на адсутнасць у выбарчых камісіях прадстаўнікоў апазіцыі. Камісіі, створаныя толькі з прадстаўнікоў праўладных партый і арганізацый, не могуць забяспечыць празрыстасць і дэмакратычнасць выбарчай кампаніі, заяўлялі яны.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.

БелаПАН