Суды становяцца на бок выбарчых камісіяў
Прадстаўнікі руху «За свабоду» судзяцца, а суды становяцца на бок выбарчых камісіяў. І гэта прадказальна. Рух «За свабоду» сваіх кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў вылучаў па спісе, спасылаючыся на артыкул 69 Беларускай канстытуцыі, дзе чытаем: «Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць грамадскім аб’яднанням, працоўным калектывам і грамадзянам у адпаведнасці з законам». Выбарчыя камісіі ў рэгістрацыі адмаўлялі, бо ў выбарчым кодэксе гаворка ідзе пра «палітычныя партыі, зарэгістраваныя Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь». А суды становяцца на бок выбарчых камісіяў.
Такое кан’юктурнае рашэнне, каментуе юрыст, адмыслоўца ў канстытуцыйных справах Міхаіл Пастухоў:
– Гэта якраз яшчэ адно пацвярджэнне таго, што Канстытуцыя ў нас не мае моцы. Проста палітычная мэтазгоднасць альбо прававыя акты, якія больш падыходзяць, у тым ліку і законы, указы, дэкрэты могуць мець прыярытэт перад Канстытуцыяй. Гэта той рэдкі выпадак, калі суды, і агульныя, і канстытуцыйныя, павінны быць на баку ініцыятараў звароту.
Кропку ў гэтай дыскусіі можа паставіць Канстытуцыйны суд, нагадвае Міхаіл Пастухоў. Але паводле беларускага заканадаўства, туды могуць звяртацца толькі дзяржаўныя органы, а не грамадскія арганізацыі. Нагадаем, 24 і 25 кастрычніка Берасцейскі абласны суд пакінуў рашэнні акруговых і абласной выбарчых камісіяў без зменаў, а скаргі вылучэнцаў у кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад «Рух за Свабоду» без задавальнення.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя