Суды за акцыі ў падтрымку незалежнасці (абноўлена)



Суды Партызанскага і Ленінскага раёнаў Менску разглядалі справы палітыкаў Вячаслава Сіўчыка і Мікалая Статкевіча. Абодвух абвінавачваюць у парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства, але абодва палітыкі не прыйшлі на працэсы. Як піша “Прававая ініцыятыва”, у справе Статкевіча абвешчаны перапынак для высвятлення месца знаходжання абвінавачанага, у справе Сіўчыка – у сувязі з няяўкай падсуднага. Працэсы перанесеныя на 27 студзеня. Яны звязаныя са снежаньскімі акцыямі супраць паглыблення інтэграцыі з Расеяй.

* * * 

Праваабаронцы агучылі новыя даты судоў за акцыі ў падтрымку незалежнасці, якія праходзілі ў Менску на працягу снежня. На сайце ПЦ “Вясна” змешчаны вядомы на гэты момант расклад судовых пасяджэнняў. Актывістаў, удзельнікаў акцый, абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34. Так, у 10 гадзін у судзе Партызанскага раёна Менска адбудзецца разгляд справы Вячаслава Сіўчыка з Руху салідарнасці “Разам”, а ў судзе Ленінскага раёна запланаваны разгляд справы палітыка Мікалая Статкевіча. На 9 гадзін у РУУС Столінскага раёна выклікалі актывіста Сяргея Неўдаха.