Суды за раздачу інфармацыйных улётак
5 траўня суд Заводскага раёна Менска разгледзіць адміністрацыйныя справы актывістаў Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі: лідара арганізацыі Анатоля Лябедзькі і актывістаў Вольгі Маёравай і Дзяніса Красачкі. Іх абвінавачваюць у распаўсюдзе інфармацыйных матэрыялаў, у прыватнасці, на прахадной Менскага аўтамабільнага завода.
Анатоль Лябедзька лічыць, што ў выніку сённяшняга судовага паседжання можа быць створаны небяспечны прэцэдэнт, якога раней не было ў гісторыі Беларусі.
– Вы выйшлі на прахадную МАЗа – атрымайце па 500 еўра штрафу. Вы прыехалі на кірмаш у Салігорск – зноў штраф па 500 еўра. Канешне, гэта моцны ціск на актыўныя палітычныя структуры. Па-першае, закрываецца магчымасць для нашых прамых камунікацый з людзьмі. Па-другое, уводзіцца табу на крытыку дзеянняў улады. Па-трэцяе, нам не даюць магчымасці рэкламаваць сваю эканамічную пазітыўную альтэрнатыву.
У Адміністрацыйным Кодэксе адсутнічае пакаранне непасрэдна за раздачу інфармацыйных матэрыялаў ці ўлётак.
Таму, па словах Анатоля Лябедзькі, праўдападобна, абвінавачанні будуць сфармуляванвыя інакш: за несанкцыянаванае пікетаванне альбо за незаконны выраб агітайцыйных матэрыялаў.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя