Сухая галадоўка: ці выхад гэта?
Былы палітвязень Сяргей Скрабец патлумачыў, ці варта трымаць за кратамі сухую галадоўку.
Апошнім часам некаторыя палітвязні ў знак пратэсту праводзілі за кратамі сухія галадоўкі, хаця грамадскасць і адгаворвала таго ж Ігара Лосіка або Ігара Банцэра ад такіх крокаў.
У свой час экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец за кратамі таксама пяць дзён трымаў сухую галадоўку і ведае, што гэта такое.
Сяргей Скрабец: Калі трымаў сухую галадоўку, мне амаль увесь час снілася вада. Гэта быў, безумоўна, крок адчаю, але я быў гатовы да яго.
Чалавек, які ідзе на такі крок, павінен разумець, якія наступствы могуць быць для арганізма. Мне, дарэчы, пагражалі кайданкамі прычапіць да ложка і пасля гэтага даваць глюкозу, калі не спыню галадоўку. Дайшло да таго, што ў мяне ціск быў усяго 40 на 80, тэмпература цела знізілася да 33-34 градусаў. Я тады спыніў сухую галадоўку.
РР: Адміністрацыя СІЗА ці калоніі не зацікаўлена, каб чалавек праводзіў такія акцыі пратэсту?
Сяргей Скрабец: Адміністрацыя не зацікаўлена, каб чалавек памёр на тэрыторыі іх установы, а ў астатнім ім, як мне падаецца, без розніцы. Вялікага спачування да тых, хто галадае, няма ні кіраўніцтва Дэпартамента выканання пакаранняў, ні ў іншых высокіх кабінетах. Але, калі чалавек пасля галадоўкі, адправіцца на той свет, то гэта ў любым выпадку будзе “ЧП”. І вінаватым знойдуць нейкага стрэлачніка — урача папраўчай установы ці некага яшчэ.
РР: На ваш погляд, ці варта палітвязням трымаць сухую галадоўку, рызыкуючы сваім здароўем і нават жыццём?
Сяргей Скрабец: Кожны сам вырашае, як яму паступаць, але іншых спосабаў змагацца з беззаконнем за кратамі няма. Там аб цябе ногі выціраюць усе, здзек – кожны дзень. Нават, калі ты яшчэ не асуджаны.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя