Сума іску ГУУС да арганізатараў святкавання Дня Волі перавысіла 8 тысяч рублёў
Выніковая сума іску ГУУС да арганізатараў святкавання Дня Волі, якое адбылося 24 сакавіка ў сталічным Кіеўскім скверы, складае 8.013 рублёў, паведаміў прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама 25 ліпеня на слуханні ў судзе Маскоўскага раёна сталіцы.
Суддзя Вольга Гусакова прыняла рашэнне аб пераносе судовага пасяджэння на 1 жніўня на падставе таго, што прадстаўнік ГУУС падрыхтаваў новую суму іскавых патрабаванняў з улікам пені, аднак не азнаёміў з ёй астатніх удзельнікаў працэсу.
На момант падачы іску сума патрабаванняў складала 7.259 рублёў з улікам пені.
З боку арганізатараў святкавання на слуханні прысутнічаў Ігар Барысаў. Міліцыю прадстаўляе юрысконсульт упраўлення фінансавай службы і тылу ГУУС Мінгарвыканкама Дзяніс Зіновенка.
„Калі адзін з бакоў павялічвае суму іску, то няма магчымасці казаць пра мiравое пагадненне. Складваецца ўражанне, што міліцыя спецыяльна зацягвае разгляд справы ў судзе, каб кожны раз павялічваць іскавыя патрабаванні”, — адзначыў у каментары БелаПАН Барысаў.
Папярэдняе пасяджэнне адбылося 16 ліпеня. На ім былі выкладзеныя прэтэнзіі бакоў адзін да аднаго.
Праваахоўнікі маюць намер спагнаць з арганізатараў святкавання запазычанасць і працэнты за карыстанне чужымі грашовымі сродкамі, а таксама няўстойкі згодна з дагаворам аб ахове грамадскага парадку ад 20 сакавіка. Адказчыкамі з’яўляюцца заяўнікі акцыі з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння БНР: Юрый Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Мікалай Казлоў і Ігар Барысаў.
11 чэрвеня арганізатары Дня Волі падалі іск у суд Маскоўскага раёна сталіцы з патрабаваннем скасаваць з ГУУС Мінгарвыканкама дагавор на аказанне паслуг па ахове правапарадку. Абгрунтаваннем іску стаў факт затрымання падчас акцыі апазіцыянераў Зміцера Дашкевіча і Віталя Рымашэўскага людзьмі ў цывільным на ахоўнай пляцоўцы. Арганізатары не змаглі дамагчыся ад супрацоўнікаў ГУУС растлумачэння прычын іх дзеянняў, а таксама кантактаў старшага супрацоўніка міліцыі, які адказваў за бяспеку мерапрыемствы. Акрамя таго, арганізатары расцанілі як парушэнне дамовы з міліцыяй забарону для ўдзельнікаў мітынгу пакідаць мерапрыемства з бел-чырвона-белымі сцягамі пад пагрозай затрымання.
На першым пасяджэнні адзін з заяўнікаў мерапрыемства паведаміў, што не выключае міравога пагаднення.
„Мы гатовыя аплаціць дагавор па пачатковай суме (150 базавых велічынь), калі ГУУС адкліча свае прэтэнзіі па перавышэнні колькасці ўдзельнікаў, пеню, працэнты за карыстанне чужымі сродкамі, прызнае факт парушэння дагавора і прынясе свае прабачэнні. Тады мы гатовыя вярнуцца да базавага пагаднення”, — заявіў Губарэвіч БелаПАН.
Згодна з палажэннем аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, што аказваюцца органамі ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, прыбіраннем тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства, якое было зацверджанае ўрадам у студзені 2019 года, урэгуляванне рознагалоссяў паміж арганізатарам масавага мерапрыемства і органамі ўнутраных спраў „ажыццяўляецца ў адпаведнасці з умовамі заключаных дагавораў шляхам правядзення перамоў або ў судовым парадку”. Палажэнне неаднаразова крытыкавалі палітыкі і праваабаронцы.