Сумеснае паседжанне калегій МЗС Беларусі і Расеі ў Менску
Беларусь і Расея выступаюць з адзіных або блізкіх пазіцый па асноўных праблемах сучаснага свету. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, адкрываючы 21 лістапада ў Менску сумеснае пасяджэнне калегій знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расеі.
„Правядзенне цяперашняга сумеснага пасяджэння калегій міністэрстваў замежных спраў нашых краін з’яўляецца яшчэ адным практычным сведчаннем актыўнага развіцця беларуска-расійскіх адносін, якое працягваецца ў бягучым годзе па ўсіх напрамках — у палітыцы, эканоміцы, энергетыцы, транспарце, культуры, сацыяльнай сферы, — сказаў Макей.
Паводле слоў Макея, новы імпульс набыло рэгіянальнае ўзаемадзеянне. „Па выніках пятага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі падпісана 76 новых пагадненняў аб супрацоўніцтве і кантрактаў на суму ў паўмільярда долараў, — адзначыў міністр. — У цэлым пазітыўна выглядае і дынаміка супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы. Для Беларусі гэта нязменны прыярытэт”.
Кіраўнік МЗС паведаміў, што за дзевяць месяцаў бягучага года беларуска-расійскі тавараабарот вырас на 13,2%. „У нашых агульных інтарэсах замацаваць пазітыўныя трэнды і забяспечыць далейшае нарошчванне ўзаемавыгадных гандлёвых адносін”, — сказаў Макей.
Гаворачы пра знешнепалітычнае супрацоўніцтва, кіраўнік МЗС Беларусі адзначыў, што яно носіць „сістэмны і шматпланавы характар”. Беларусь і Расія, падкрэсліў Макей, падтрымліваюць адзін аднаго ў міжнародных арганізацыях, рэалізуюць праграму ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі.
„У парадак дня гэтага пасяджэння нашых калегій уключаныя важныя, у тым ліку надзённыя, пытанні, якія тычацца ў першую чаргу актуальных аспектаў супрацоўніцтва ў галіне міжнароднай бяспекі, у сферах інтэграцыйных працэсаў, гісторыі і культуры, — сказаў Макей. — Гэтыя тэмы ўвесь час знаходзяцца ў фокусе ўвагі нашых знешнепалітычных ведамстваў, некаторыя ўжо не раз абмяркоўваліся і ў калегіяльным фармаце. Тым не менш з улікам сучасных рэалій і новых выклікаў шэраг пазіцый патрабуе зверкі гадзіннікаў і, пры неабходнасці, карэктавання”.
Фота ont.by